Старонка:Востраў скарбаў.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

у таверні Доўгага Джона ў Брыстольскім порце, — не забудзьце, што гэта ён пазнаў тады Чорнага Пса.

— Гэта яшчэ не ўсё, — дадаў Сільвер. — Ён, клянуся громам, той самы блазнюк, які выцягнуў карту са скрыні Білі Бонса. Нарэшце-та Джым Гоўкінс папаў нам у рукі!

— Пусціць яму кроў! крыкнуў Марган і вылаяўся.

І, выхапіўшы нож, ён ускочыў з такой лёгкасцю, быццам яму было дваццаць год.

— На месца! — крыкнуў Сільвер. — Хто ты такі, Том Марган? Магчыма, ты думаеш, што ты тут капітан? Клянуся, я навучу цябе быць паслухмяным. Толькі адважся пярэчыць мне. За апошнія трыццаць год усякі, хто станавіўся ў мяне на дарозе, трапляў або на рэю, або за борт рыбам на закуску. Так! Запамятай, Том Марган: не было яшчэ чалавека, які астаўся-б жыць на зямлі пасля таго як ён не паладзіў са мной.

Том змоўк, але астатнія ўсё яшчэ бурчэлі.

— Том правільна кажа, — сказаў адзін.

— Досыць было нада мной камандзіраў, — дадаў другі. — І, клянуся шыбеніцай, Джон Сільвер, я не дазволю табе вадзіць мяне за нос.

— Джэнтльмены, хто з вас хоча мець справу са мной? — закрычаў Сільвер.

Ён сядзеў на бочцы і цяпер падаўся наперад. У правай руцэ ў яго была запаленая люлька.

— Ну, чаго-ж вам трэба? Кажыце проста. Хіба вы анямелі? Выходзь, хто хоча, я чакаю. Я не для таго пражыў столькі год на зямлі, каб які-небудзь п'яны індык станавіўся мне ўпоперак дарогі. Вы ведаеце наш звычай. Вы лічыце сябе джэнтльменамі удачы. Ну што-ж, выходзьце, я гатоў. Няхай той, у каго хопіць духу, выйме свой корцік, і я, хоць я і на кастылі, вельмі хутка ўбачу, якога колеру ў яго потрахі, раней чым згасне гэтая люлька.

Ніхто не крануўся. Ніхто не адказаў ні слова.

— Вось так вы заўсёды, — працягваў ён, усунуўшы люльку ў рот. — Малайцы, няма чаго казаць? Нянадта ўжо храбрыя ў баі. Або вы няздольны зразумець простую чалавечую гаворку: дык-жа я тут капітан, я выбраны вамі.