Старонка:Востраў скарбаў.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ныя довады. Я ніколі не бачыў ніякай карысці ў пагрозах. Калі табе падабаецца служба ў нас, станавіся ў нашыя рады добраахвотна. Але калі не падабаецца, Джым, скажы адкрыта: не. Бачыш, я гавару з табой начыстату, без усякай хітрасці.

— Вы хочаце, каб я адказаў? — спытаў я дрыжачым голасам.

У яго насмешлівай балбатні я адчуваў смяротную пагрозу. Шчокі мае палалі, сэрца страшэнна білася ў грудзях.

— Ніхто цябе не прымушае, дружок, — сказаў Сільвер. — Абдумай як след. Спяшацца нам няма куды: дык-жа ў тваёй кампаніі ніколі не засумуеш.

— Ну што-ж, — сказаў я, крыху пасмялеўшы, — паколькі вы хочаце, каб я рашаў, на чый бок мне перайсці, вы павінны растлумачыць мне, што тут у вас адбываецца. Чаму вы тут і дзе мае сябры?

— Што адбываецца? — панура паўтарыў адзін з піратаў. — Шмат-бы я даў, каб зразумець, што тут у нас адбываецца.

— Заткніся, пакуль цябе не пытаюць! — сярдзіта абарваў яго Сільвер і затым з ранейшай ветлівасцю зноў звярнуўся да мяне. — Учора раніцай, містэр Гоўкінс, — сказаў ён, — да нас з'явіўся доктар Лівсі з белым сцягам. „Вы асталіся на мелі, капітан Сільвер, — сказаў ён, карабль адышоў“. Пакуль мы пілі ром і спявалі песні, мы праваронілі карабль. Я гэтага не адмаўляю. Ніхто з нас не наглядаў за караблём. Мы выбеглі на бераг, і, клянуся громам, наш стары карабль знік. Мы проста ледзь не паваліліся на месцы. „Што-ж, — сказаў доктар, — давайце заключым умову“. Мы заключылі ўмову — я ды ён, — і вось мы атрымалі вашы прыпасы, вашу брэндзі, вашу крэпасць, вашы дровы, якія вы так прадбачна насеклі, усю, так сказаць, вашу лодку, ад рэй да кільсона. А самі яны адышлі. Дзе яны цялер, я не ведаю.

Ён зноў спакойна зацягнуўся.

— А цябе ва ўмову не ўключылі, — працягваў ён. — Доктар проста сказаў мне аб гэтым. „Колькі вас асталося?“ — спытаў я. „Чацвёра, — адказаў ён, — чацвёра, і адзін з іх ранены. А дзе гэты пракляты блазнюк, не ведаю і ведаць не жадаю, — сказаў ён. — Нам праціўна аб ім успамінаць“. Вось яго ўласныя словы.