Старонка:Востраў скарбаў.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перш за ўсё я паспрабаваў выцягнуць кінжал. Аднак, або ён надта глыбока ўбіўся ў мачту, або нервы мае былі надта расстроены, але выцягнуць яго мне ніяк не ўдавалася. Дрыготка ахапіла мяне. І, як ні дзіўна, якраз гэтая дрыготка дапамагла мне. Кінжал закрануў мяне толькі ледзь-ледзь, зачапіўшы толькі шматок скуры, і, калі я задрыжэў, скура парвалася. Кроў пацякла яшчэ мацней, але за тое я быў вольны. Аднак, мой камзол і кашуля ўсё яшчэ былі прыбіты да мачты.

Ірвануўшыся, я вызваліўся зусім. На палубу я вярнуўся па вантах правага борта. Ніякая сіла не прымусіла-б мяне спусціцца па тых самых вантах, з якіх толькі што сарваўся Ізраэль.

Я зышоў у каюту і паспрабаваў перавязаць сабе рану. Яна прычыніла мне моцны боль. Кроў усё яшчэ цякла. Але рана была неглыбокая, не стварала небяспекі і не перашкаджала мне варушыць рукой. Цяпер карабль належаў мне аднаму, і я пачаў думаць, як-бы пазбавіцца ад апошняга пасажыра — ад мёртвага О'Брайена.

Я ўжо казаў, што ён скаціўся да самага борта. Ён ляжаў там, як страшная нязграбная лялька. Вялізная лялька, такога-ж росту, як жывы чалавек, але пазбаўленая ўсіх фарбаў і прывабнасці жыцця. Справіцца з ім мне было няцяжка — за час маіх трагічных прыгод я ўжо прызвычаіўся да мерцвякоў і перастаў іх баяцца. Я падняў яго за пояс, як мяшок з вотрубямі, і адным узмахам шпульнуў праз борт. Ён упаў з гучным усплёскам. Чырвоны каўпак зваліўся ў яго з галавы і паплыў. Калі муць, узнятая падзеннем трупа, асела, я выразна ўбачыў іх абодвух: О'Брайена і Ізраэля. Яны ляжалі побач. Вада, рухаючыся, калыхала іх. О'Брайен, не гледзячы на сваю маладосць, быў зусім лысы. Ён ляжаў, паклаўшы лысую галаву на калены свайго забойца. Хуткія рыбкі праносіліся над імі абодвума.

Я астаўся на караблі адзін. Толькі што пачаўся адліў. Сонца стаяла ўжо так нізка, што цені соснаў заходняга берага перасеклі бухту і дасягнулі палубы. Падзьмуў вячэрні брыз, і, хоць з усходу бухту агараджваў узгорак з двума