Старонка:Востраў скарбаў.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вяршынамі, тросы пачалі гудзець, а парусы — разгойдвацца і хлопаць.

Я ўбачыў, што караблю пагражае небяспека. Хутка звінуў я кліверы і спусціў іх на палубу. Але спусціць грот было больш цяжка. Калі шкуна нахілілася, гік перакінуўся за борт, і канец яго з двума-трыма футамі паруса апынуўся нават пад вадой. Праз гэта становішча зрабілася яшчэ больш небяспечным. Бяда магла прыйсці адусюль, і я ні да чаго не адважваўся дакрануцца, каб не павялічыць небяспеку. Нарэшце, я дастаў нож і перарэзаў фалы. Гафель адразу спусціўся, і вялікае бруха звісаўшага паруса паплыло па вадзяной паверхні. Як я ні намагаўся, я не мог падцягнуць нірал. Гэта было звыш маіх сіл. Ну, што-ж? Давядзецца пакінуць „Іспан'ёлу“ на волю лёсу. Дык я-ж і сам быў пакінуты на волю лёсу.

Тым часам бухту ахутаў змрок. Апошнія сонечныя праменні, прабіўшыся праз лясную прагаліну, ззялі ярка, як каштоўныя каменні на квітнеючай манціі разбітага карабля. Рабілася зімна. Вада, падхопленая адлівам, адыходзіла ў мора, і шкуна ўсё больш клалася набок.

Я прабраўся на нос і глянуў уніз. Пад носам было вельмі мелка, і я, на ўсякі выпадак абодвума рукамі ўхапіўшыся за канат, асцярожна пералез праз борт. Вада ледзь даходзіла мне да пояса. Пясок быў шчыльны, зрыты хвалямі, і я бадзёра вышаў на бераг, пакінуўшы „Іспан'ёлу“ ляжаць на баку і паласкаць свой парус у вадзе. Сонца зайшло, і ў соснах шумеў вецер.

Такім чынам марскія мае прыгоды скончыліся, і скончыліся бясспрэчнай удачай. Шкуна вырвана з рук бандытаў, і мы можам хоць зараз адправіцца на ёй у акіян. Я марыў хутчэй вярнуцца дадому, у нашу крэпасць, і пахваліцца сваім геройствам. Відаць, мяне будуць крыху дакараць за самавольную адлучку, але захоп „Існан'ёлы“ загладзіць усё, і нават сам капітан Смолет павінен будзе прызваць мае заслугі.

Раздумваючы такім чынам, у вельмі добрым настроі, я накіраваўся ў дарогу і пайшоў да частакола, за якім, як я меркаваў, мяне чакалі сябры. Я добра памятаў, што самая