Старонка:Востраў скарбаў.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перад грот-мачтай я спыніўся, дастаў з кішэні пісталет, прыцэліўся і націснуў сабачку. Гэндс шоў проста на мяне. Курок ляснуў, але стрэлу не адбылося. Аказалася, што порах на затраўцы падмочаны? Я пракляў сябе за сваю нядбайнасць. Чаму я не набіў яго нанава? Дык-жа часу ў мяне было досыць! Тады я не стаяў-бы бяззбройны як авечка перад мясніком.

Не гледзячы на сваю рану, Гэндс пасоўваўся на-здзіў хутка. Сіваватыя валасы ўпалі на яго чырвоны ад шаленства і натугі твар. У мяне не было часу даставаць свой другі пісталет. Акрамя таго, я быў упэўнены, што і гэты падмочаны, як той. Адно было ясна: мне трэба ўвільваць ад Гэндса, а то ён загоніць мяне на нос, як нядаўна загнаў на карму. Калі гэта ўдасца яму, усе дзевяць ці дзесяць вяршкоў акрываўленага кінжала ён усадзіць у маё цела. Я абхапіў рукамі грот-мачту, якая была досыць тоўстая, і чакаў напружваючы кожны мускул.

Убачыўшы, што я рыхтуюся ўвільвацца, ён спыніўся. Некалькі хвілін ён прыкідваўся, што зараз кінецца на мяне то справа, то злева. І я ледзь-ледзь паварочваўся то ўправа, то ўлева. Барацьба была падобна на гульню, у якую я столькі разоў гуляў дома сярод скал каля бухты Чорнага Ўзгорка. Але, вядома, у часе гульні маё сэрца ніколі не стукала так дзіка. І ўсё-ж лягчэй было гуляць у гэтую гульню хлопчыку, чым старому мараку, у якога глыбокая рана ў бядры. Я крыху пасмялеў і пачаў нават раздумліваць, чым скончыцца наша гульня. „Зразумела, — думаў я, — я магу пратрымацца доўга, але раней ці пазней ён усё-ж даканае мяне…“

Пакуль мы стаялі адзін супроць другога, „Іспан'ёла“ раптам урэзалася ў пясок. Ад штуршка яна моцна нахілілася набок. Палуба стала пад кутом у сорак пяць градусаў, праз жолабы паліўся струмень вады, стварыўшы на палубе каля бульварку шырокую лужу.

Мы абодва страцілі роўнавагу і абодва пакаціліся, бадай што абняўшыся, проста да жолабаў. Мярцвяк у чырвоным каўпаку, з раскінутымі, як раней, рукамі, скамянелы пакаціўся туды-ж. Я так моцна ўдарыў галаву аб боцманаву нагу,