Старонка:Востраў скарбаў.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што зубы ў мяне звякнулі. Але, не гледзячы на тое, што я ўдарыўся, мне першаму ўдалося ўскочыць; на Гэндса наваліўся мярцвяк. Раптоўны нахіл карабля зрабіў далейшую беганіну па палубе немагчымай. Трэба адшукаць іншы спосаб ратавання, адшукаць, не трацячы ні хвіліны, таму што мой вораг зараз кінецца на мяне. Ванты бізан-мачты віселі ў мяне над галавой. Я ўхапіўся за іх, палез уверх як мага хутчэй, пакуль не дабраўся да рэі.

Мая імклівасць выратавала мяне: пада мной, на адлегласці поўфута ад маіх ног, бліснуў кінжал. Раззлошчаны няўдачай, Ізраэль Гэндс глядзеў на мяне ўверх з шырока адкрытым ад здзіўлення ротам.

Я атрымаў невялікую перадышку. Не трацячы часу, я зноў набіў пісталет. Затым, для найбольшай пэўнасці, я набіў нанава і другі пісталет.

Гэндс сачыў за мной з бяссільнай злосцю. Ён пачаў разумець, што становішча яго значна пагоршылася. Пасля некаторага раздумвання, ён з асцярожнасцю ўхапіўся за ванты і, трымаючы кінжал у зубах, павольна палез уверх, з гучнымі стогнамі цягнучы за сабой раненую нагу. Я паспеў зноў набіць абодва пісталеты раней, чым ён пасунуўся на адну трэцюю частку падзяляўшай нас адлегласці. І тады, трымаючы па пісталету ў руцэ, я загаварыў з ім:

— Яшчэ адзін крок, містэр Гэндс, — сказаў я, — і я выб'ю вашы мазгі! Мёртвыя, як вам вядома, не кусаюцца, — дадаў я, усміхаючыся.

Ён адразу спыніўся. Па яго твару я заўважыў, што ён нешта абдумвае. Але думаў ён так цяжка і так павольна, што я, радуючыся маёй бяспечнасці, гучна засмяяўся. Нарэшце, некалькі разоў праглынуўшы слюну, ён загаварыў. На яго твары паранейшаму быў выраз поўнай збянтэжанасці. Ён выняў з рота нож, які перашкаджаў яму гаварыць, але з месца не крануўся.

— Джым, — сказаў ён, — мы абодва нарабілі шмат лішняга, і ты і я. І нам патрэбна заключыць перамірра. Я-бы даканаў цябе, калі-б не гэты штуршок. Але мне ніколі не шанцуе, ніколі. Ну што-ж рабіць, мне, старому мараку, давядзецца ўступіць табе, Джым, карабельнаму юнзе.