Старонка:Востраў скарбаў.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хваль, навокал лес, кветкі цвітуць на тым караблі, як у садзе.

— А шкуна не захрасне на мелі, калі мы прычалім да берага? — спытаў я.

— З мелі яе няцяжка будзе зняць, — адказаў ён. — У часе адліва працягні канат на той бераг, абкруці яго вакол адной з тых вялікіх соснаў, канец цягні сюды назад і наматай на кабестан. Потым чакай прыліва. Калі прыдзе прыліў, загадай усёй камандзе разам ухапіцца за канат і цягнуць. І шкуна сама зыйдзе з мелі, як маладая красуня. А цяпер, сынок, не зявай. Мы каля самай мелі, а шкуна ідзе надта хутка. Правей крыху… так… проста… правей… ледзь-ледзь лявей… проста… проста!..

Ён аддаваў загады, якія я паспешна і дакладна выконваў. Раптам ён крыкнуў:

— Трымай па ветру, друг сардэчны!

Я з усёй сілы налёг на руль. „Іспан'ёла“ крута павярнулася і імкліва падышла да берага, заросшага нізкім лесам.

Я быў так захоплены ўсімі гэтымі манеўрамі, што зусім забыў аб сваім намеры ўважліва сачыць за боцманам. Мяне цікавіла толькі адно: калі шкуна дном кранецца пяску. Я забыў, якая мне пагражае небяспека, і, перагнуўшыся праз правы борт, глядзеў, як пад носам пеніцца вада І прапаў-бы я без усякай барацьбы, калі-б раптоўны непакой не прымусіў мяне абярнуцца. Магчыма, я пачуў шолах, або краем вока заўважыў рухаючыйся цень. Магмыма, ва мне прачнуўся нейкі інстынкт, накшталт кацінага, але, абярнуўшыся, я ўбачыў Гэндса. Ён быў ужо зусім недалёка ад мяне з кінжалам у правай руцэ.

Нашы погляды сустрэліся, і мы абодва голасна закрычалі. Я закрычаў ад жаху. Ён, як раз'юшаны бык, зароў ад ярасці і рынуўся наперад на мяне. Я адскочыў да носа і выпусціў з рук румпель, які адразу выпрастаўся. Гэты румпель выратаваў мне жыццё. Ён ударыў Гэндса ў грудзі і Гэндс паваліўся.

Раней чым Гэндс паспеў устаць на ногі, я выскачыў з таго кута, у які ён мяне загнаў. Цяпер у маім распараджэнні была ўся палуба, і я мог увільваць ад яго колькі патрэбна.