Старонка:Востраў скарбаў.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пры кожным руху ён гучна стагнаў. За поўхвіліны дапоўз ён да вадасточнага жолаба, каля якога ляжаў карабельны канат, складзены кальцом, і выцягнуў адтуль доўгі нож, або, правільней, кароткі кінжал, да самай рукаяткі афарбаваны крывёю. Ён агледзеў яго, выпукліў ніжнюю сківіцу, папрабаваў рукой лязо і, імкліва схаваўшы яго да сябе за пазуху, папоўз назад на ранейшае месца.

Я даведаўся пра ўсё, што мне было патрэбна: Ізраэль можа рухацца, ён узброены. Паколькі ён стараўся выправадзіць мяне з палубы, значыцца, менавіта я буду яго ахвярай. Што ён меркаваў рабіць пасля маёй смерці — цягнуцца праз увесь востраў ад Паўночнай бухты да лагера піратаў на балоце, або страляць з пушкі, клікаючы таварышоў на дапамогу, — гэтага, зразумела, я не ведаў.

Я мог давяраць Гэндсу толькі ў адным, таму што тут нашы інтарэсы зыходзіліся: мы абодва хацелі прывесці шкуну ў бяспечнае месца, адкуль яе можна было-б вывесці без асаблівых цяжкасцей і рызыкі. Пакуль гэта яшчэ не зроблена, майму жыццю не пагражае небяспека.

Раздумваючы, я не траціў часу: пракраўся назад у каюту, адзеў чаравікі, схапіў бутэльку віна і вярнуўся на палубу.

Гэндс ляжаў такім самым чынам, як я яго пакінуў. Вочы яго былі прыплюшчаны, быццам ён быў нагэтулькі слабы, што не мог сцярпець залішне яркага святла. Ён паглядзеў на мяне, звычным жэстам адбіў горлышка бутэлькі і адразу выпіў яе бадай што да дна, сказаўшы, як звычайна кажуць:

— 3а тваё здароўе!

Потым, адпачыўшы, дастаў з кішэні плітку жавальнай табакі і папрасіў мяне адрэзаць невялікую часцінку.

— Будзь добрым, адрэж, — сказаў ён, — а то ў мяне няма нажа, ды і сіл няхопіць. Ах, Джым, Джым, я зусім разваліўся. Адрэж мне кавалачак. Гэта апошняя порцыя, якую мне давядзецца пажаваць у маім жыцці. Доўга я не пражыву. Хутка, хутка мне быць на тым свеце.

— Добра, — сказаў я. — Адрэжу. Але на вашым месцы… адчуваючы сябе так кепска, я пастараўся-б пакаяцца перад смерцю.

— Пакаяцца? — спытаў ён. — У чым?