Старонка:Востраў скарбаў.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ён і сапраўды памёр? Я чалавек невучоны, а ты ўмееш чытаць і лічыць. Скажы мне напрасцяк: мёртвы так і астанецца мёртвым або калі-небудзь уваскросне, як кажуць папы?

— Вы можаце забіць цела, містэр Гэндс, але не дух, — сказаў я. — Так вучылі мяне ў нашай царкве. Ведайце, О'Брайен зараз жывы і сочыць за намі з таго свету.

— Ах! — сказаў ён. — Як гэта крыўдна! Значыцца, я толькі дарам патраціў час. А, нарэшце, духі, па-мойму, вялікай шкоды зрабіць не могуць. Мне здаралася мець справу з духамі, Джым. Слухай, я хачу папрасіць цебе спусціцца ў каюту і прынесці мне… чорт вазьмі, я забыў, што мне патрэбна… так, прынясі мне бутэлечку віна, Джым.

Боцманава забыўчывасць здалася мне падазронай. І, прызнацца, я не паверыў, што віно падабаецца яму больш, чым брэндзі. Усё гэта толькі прычына. Справа ясная: ён хоча, каб я адышоў з палубы. Але навошта яму гэта патрэбна? Ён стараецца не глядзець мне ў вочы. Яго зрок увесь час блукае з боку ў бок — то на неба ён гляне, то на мёртвага О'Брайена. Ён увесь час ухмыляецца, нават кончык языка з рота высоўвае ад лішняй хітрасці. Тут і дзіцянё здагадалася-б, што ён нешта задумвае. Аднак, я і выглядам не паказаў, што ў мяне ёсць падазронасць.

— Віна? — спытэў я. — Вельмі добра. Але якога — белага ці чырвонага?

— Усёроўна, прыяцель, — адказаў ён. — Абы мацнейшага ды пабольш.

— Добра. Я прынясу вам партвейну, містэр Гэндс. Але прыдзецца аго пашукаць.

Я пабег уніз, стараючыся стукаць чаравікамі як мага грамчэй. Пасля зняў чаравікі, бясшумна пракраўся па запаснаму калідору ў кубрых, там узняўся па трапу і ціхенька высунуў галаву з люка на палубу. Гэндс ніколі не здагадаецца, што я назіраю за ім. І ўсё-ж я прыняў усе меры, каб не прыцягнуць да сябе яго ўвагі. І ад першага-ж погляду пераканаўся, што самая горшая мая падазронасць была зусім правільнай.

Ён стаў паўзком і даволі спрытна папоўз па палубе, хоць яго раненая нага, відаць, моцна балела, таму што