Старонка:Востраў скарбаў.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўволю напіўся прэснай вады і толькі тады, а не раней, падаў Гэндсу бутэльку.

Ён выпіў не менш паловы і толькі тады адняў горлышка бутэлькі ад рота.

— Клянуся громам, — сказаў ён, — вось гэта мне і было патрэбна.

Я сеў у куток і пачаў есці.

— Моцна ранены? — спытаў я яго.

Ён сказаў нейкім, падобным на брэх, голасам:

— Каб быў тут доктар, я хутка паправіўся-б. Але, сам бачыш, мне не шанцуе. А гэты памёр, — дадаў ён, кінуўшы ў бок чалавека ў чырвоным каўпаку. — Дрэнны быў марак. А ты адкуль узяўся?

— Я з'явіўся сюды, каб камандаваць гэтым караблём, містэр Гэндс, — сказаў я. — Адгэтуль да наступных распараджэнняў лічыце мяне сваім капітанам.

Ён панура паглядзеў на мяне, але нічога не сказаў. Шчокі ў яго крыху паружавелі, аднак, від у яго быў хваравіты, і пры кожным штуршку карабля ён валіўся на бок.

— Між іншым, — працягваў я, — мне не падабаецца гэты сцяг, містэр Гэндс, — калі дазволіце, я спушчу яго. Лепш зусім без сцяга, чым з гэтым.

Я падбег да мачты, тузануў адпаведную вяроўку; і, спусціўшы пракляты чорны сцяг, шпурнуў яго за борт, у мора.

— Далоў капітана Сільвера! — крыкнуў я, размахваючы шапкай.

Ён уважліва сачыў за мной, не ўзнімаючы галавы, і на яго твары быў адбітак хітрасці.

— Я мяркую, — сказаў ён нарэшце, — я мяркую, капітан Гоўкінс, што вы не мелі-б нічога супроць таго, каб высадзіцца на бераг. Давайце, пагаворым аб гэтым.

— Чаму-ж, — сказаў я, — з вялікай прыемнасцю, містэр Гэндс. Працягвайце. — І я зноў узяўся за яду і працягваў гэта з вялікім апетытам.

— Гэты чалавек… — пачаў ён, слаба кінуўшы ў бок трупа. — Яго называлі О'Брайен… Ірландзец… Мы з ім па-