Старонка:Востраў скарбаў.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ставілі парусы і хацелі вярнуцца ў бухту. Але ён памёр, і смярдзіць, як гнілая вада ў труме. Не ведаю, хто цяпер будзе кіраваць караблём. Без маіх указанняў табе з гэтай шкунай не справіцца. Паслухай, дай мне паесці і напіцца, перавяжы мне рану старым шалікам, і за гэта я пакажу табе, як кіраваць караблём. Згодзен?

— Толькі майце на ўвазе: — сказаў я, — на стаянку капітана Кіда я вяртацца не рыхтуюся. Я хачу весці карабль у Паўночную бухту і там спакойна прыстаць да берага.

— Добра! — усклікнуў ён. — Хіба я такі ідыёт? Хіба я не разумею? Дасканала разумею, што я прайграў, схібіў і што выйгрыш твой. Ну, што-ж? Ты хочаш у Паўночную бухту? Калі ласка. Дык-жа ў мяне выбару няма. Клянуся громам, я дапамагу табе весці карабль хоць да самага памоста маёй шыбеніцы.

Яго словы здаліся мне не пазбаўленымі сэнсу. Мы заключылі ўмову. Праз тры хвіліны „Іспан'ёла“ ўжо ішла па ветру ўдоўж берага Вострава скарбаў. Я спадзяваўся абыйсці Паўночны мыс яшчэ да поўдня, каб зайсці ў Паўночную бухту да прыліва. Тады мы, нічым не рызыкуючы падвядзем „Іспан'ёлу“ да берага, дачакаемся спаду вады, і высадзімся.

Я замацаваў румпель, зышоў уніз, адшукаў сваю ўласную скрыначку і дастаў з яе мяккую шоўкавую насовую хустачку, якую падаравала мне маці. Пры маёй дапамозе Гэндс перавязаў гэтай хустачкай глыбокую калотую крывятачывую рану ў бядры. Крыху закусіўшы ды хлябнуўшы два-тры глаткі брэндзі, ён прыкметна падбадзёрыўся, сеў прамей, пачаў гаварыць грамчэй і выразней, зрабіўся другім чалавекам.

Дзьмуў спадарожны брыз. Карабль ляцеў, як птушка. Мільгалі берагі. Від іх мяняўся з кожнай хвілінай. Высокая частка вострава асталася ззаду. Мы імчаліся ўдоўж нізкай пясчанай зямлі, на якой раслі рэдкія сосны. Але скончылася і яна.

Мы абагнулі скалісты ўзгорак — самы паўночны край вострава.