Старонка:Востраў скарбаў.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

п'яныя ў кубрыку. Там я іх замкну і буду рабіць з караблём усё, што захачу.

Нарэшце, мне пашанцавала. Вецер на некалькі хвілін сціх. Падпарадкваючыся цячэнню, „Іспан'ёла“ павольна павярнулася вакол сваёй асі. Я ўбачыў яе карму. Акно каюты было адчынена. Над сталом я ўбачыў гарэўшую лямпу, хоць ужо даўно настаў дзень. Грот звісаў, як сцяг. Шкуна зменшыла хаду, таму што пасоўвалася толькі па цячэнню.

Я крыху адстаў ад яе. Але цяпер, падвоіўшы намаганні, мог зноў дагнаць яе.

Я быў ад яе ўжо на адлегласці якіх-небудзь ста ярдаў, калі вецер зноў надзьмуў яе парусы. Яна павярнула на левы галс ды зноў, коўзаючыся, паімчалася па хвалях, як ластаўка.

Спачатку мяне ахапіў адчай, пасля я абрадаваўся. Шкуна апісала круг і паплыла проста на мяне. Вось яна прайшла палову, пасля дзве трэція часткі, пасля тры чвэрці той адлегласці, якая падзяляла нас. Я бачыў, як пеніліся хвалі пад бартамі шкуны. З майго маленькага чоўна яна здавалася мне вялізнай.

Раптам я зразумеў, якая небяспека мне пагражала, калі-б шкуна наляцела на мяне. Часу для раздумвання мне не аставалася. Трэба было паспрабаваць ратавацца. Я знаходзіўся на вяршыні адной хвалі, калі нос шкуны прарэзаў суседнюю. Бушпрыт навіс у мяне над галавой. Я ўзняўся на ногі і, падскочыўшы, апусціў човен у ваду. Рукой я ўхапіўся за верхні канец бушпрыта, а нага мая папала паміж штагам ды брасам. Заміраючы ад жаху, я павіс у паветры. Лёгкі ўдар, які пачуўся знізу, даў мне зразумець, што шкуна затапіла мой човен і што адыйсці з „Іспан'ёлы“ мне ўжо ніяк немагчыма.

Раздзел XXV

Я СПУСКАЮ „ВЯСЁЛАГА РОДЖЭРА“

Ледзь я ўзлез на бушпрыт, як паласкаючыся клівер хлопнуў аглушальна, быццам пушачны стрэл, надзьмуўся і павярнуў на другі галс. Шкуна здрыганулася да самага