Старонка:Востраў скарбаў.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чуць падабраць. Але раптам яна павярнула проста супроць ветру і бездапаможна спынілася з павіснутымі парусамі.

„Вось дык мядзведзі! — сказаў я сабе. — Напіліся, відаць, да непрытомнасці“.

Моцна папала-б ім ад капітана Смолета за такое кіраванне караблём!

Тым часам шкуна, пераходзячы з галса на галс, зрабіла поўны круг, і зноў уставілася носам супроць ветру ды зноў спынілася. Так паўтаралася некалькі разоў. „Іспан'ёла“ плыла то на поўнач, то на поўдзень, то на ўсход, то на захад, хлопаючы парусамі і няспынна вяртаючыся да таго курса, які толькі што пакінула. Мне зрабілася ясна, што караблём ніхто не кіруе. Куды-ж дзеліся людзі? Яны або п'яны ўдрызг, або пакінулі судно. Калі я пападу на борт, мне, магчыма, удасца вярнуць карабль яго капітану.

Цячэнне адносіла човен і шкуну з аднолькавай хуткасцю, але шкуна так часта мяняла галсы, так часта спынялася, што амаль не пасоўвалася наперад. Калі-б толькі я мог сесці ў чоўне і пачаць грабці, я, несумненна, дагнаў-бы яе. І раптам мне сапраўды захацелася дагнаць яе. Жаданне новых прыгод ахапіла мяне, а думка аб прэснай вадзе падвоіла маю вар'яцкую рашучасць.

Я ўзняўся, і мяне адразу-ж ад ног да галавы абліло вадой. Але цяпер гэта мяне не запалохала. Я сеў і, напружыўшы ўсе сілы, пачаў веславаць. Я кінуўся наўздагон за „Іспан'ёлай“, якой ніхто не кіраваў. Хвалі часам так шпурлялі мяне, што сэрца ў мяне калацілася, як птушка. Я часта спыняўся і вычэрпваў ваду. Хутка, аднак, я крыху прызвычаіўся да чоўна і пачаў так асцярожна накіроўваць яго сярод бушуючых хваль, што толькі зрэдку дробныя шматкі пены білі мяне па твары.

Адлегласць паміж мной і шкунай хутка змяншалася. Я ўжо мог разгледзець пабліскваючую пры паваротах медзь румпеля[1]. На палубе не было ні душы. Разбойнікі, відаць, уцяклі. А калі не ўцяклі, значыцца, яны ляжаць удрызг

  1. Румпель — ручка руля.