Старонка:Востраў скарбаў.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на цэлы рад няроўных узгоркаў з востраканечнымі вяршынамі, са схіламі і далінамі. Човен, пакінуты сам сабе, зручна выкручваўся, усякі раз выбіраў даліну, ухіляючыся ад стромкіх спадаў і высокіх вяршынь.

„Вельмі добра, — рашыў я, — галоўнае — ляжаць спакойна і не парушаць роўнавагі. Але пры выпадку можна зрэдку паграбсці вяслом да берага“.

Так я і зрабіў. Лежачы на локцях у самай невыгоднай позе, я час ад часу ўзмахваў вяслом і накіроўваў човен да вострава.

Гэта была нудная, марудная работа, і ўсё-ж я дасягнуў пэўнага поспеху. Аднак, зраўняўшыся з лясістым мысам, я зразумеў, што няўхільна праімчуся міма, хоць сапраўды бераг быў ад мяне ўсяго за некалькі сот ярдаў. Я бачыў прахладныя зялёныя верхавіны дрэў. Іх раскачваў брыз. Я быў упэўнены, што наступнага мыса не прапушчу.

Час мінаў, і мяне пачала мучыць смага. Сонца ззяла з асляпляючай яскравасцю, тысячакроць адлюстроўваючыся ў хвалях. Пырскі морскай вады высыхалі ў мяне на твары, і нават на губах у мяне аселі пласты солі. Горла ў мяне перасохла, галава балела. Дрэвы былі так блізка, так спакушалі мяне сваім халадком, але цячэнне імкліва пранесла мяне міма мыса. І тое, што я ўбачыў, зноў апынуўшыся ў адкрытым моры, змяніла ўсе мае планы.

Проста перад сабой, на адлегласці поўмілі, а то і менш, я ўбачыў „Іспан'ёлу“, якая плыла пад усімі парусамі. Несумненна, мяне ўбачаць і падбяруць. Смага так мучыла і так данімала мяне, што я нават не ведаў, радавацца гэтаму ці засмучацца. Але доўга раздумваць мне не давялося, таму што хутка мяне вельмі здзівіла тое, што „Іспан'ёла“ ішла пад гротам і двума кліверамі. Яе надзвычайна прыгожыя снежна-белыя парусы асляпляюча серабрыліся на сонцы. Калі я ўпершыню ўбачыў яе, усе яе парусы былі надзьмуты. Яна трымала курс на паўночны захад. Я падумаў, што людзі ў яе на борце рашылі абыйсці востраў навокал і вярнуцца да месца ранейшай стаянкі. Пасля яна ўсё больш і больш пачала адыходзіць да захаду, і мне ўспала на думку, што мяне ўжо заўважылі і што мяне хо-