Старонка:Востраў скарбаў.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў часе адліва доўгую, жоўтую пясчаную мель. А яшчэ паўночней я ўбачыў другі мыс — той самы, які на нашай карце быў адзначаны пад назвай Лясістага мыса. Ён увесь зарос вялізнымі зялёнымі соснамі, якія спускаліся да самай вады.

Я ўспомніў Сільверавы словы, што ўдоўж усяго заходняга берага Вострава скарбаў ёсць цячэнне, якое накіроўваецца на поўнач. Я зразумеў, што яно падхапіла ўжо мяне і рашыў, мінуўшы Буксірную Галаву, не траціць дарэмна сіл і паспрабаваць прычаліць да Лясістага мыса, які здаваўся мне больш гасцінным.

На моры была мёртвая зыб. З поўдня дзьмуў упарты ласкавы вецер і нёс мяне па цячэнню. Хвалі роўнамерна ўзнімаліся і спушчаліся.

Калі-б вецер быў парыўны, я даўно затануў-бы. Але пры роўным ветры можна было толькі здзіўляцца, на колькі спрытны мой маленькі, лёгкі човен. Лежачы на дне і пазіраючы па баках, я не раз бачыў блакітную вяршыну вялізнай хвалі ў сябе над галавой. Вось яна абваліцца на мяне… Але мой човен, падскочыўшы, як на спружынах, лёгка прытанцоўваючы ўзнімаўся на грабень і плаўна спускаўся быццам птушка.

Мала-па-малу я нагэтулькі пасмялеў, што нават паспрабаваў веславаць. Але найменшае парушэнне роўнавагі зараз-жа выяўлялася на паводзінах майго чоўна. Ледзь толькі я паварушыўся, як ён змяніў сваю плаўную хаду, імкліва зляцеў з грэбня ў вадзяную яму, так што ў мяне закружылася галава, і, узняўшы сноп пырскаў, зарыўся носам у бок наступнай хвалі.

Перапалоханы, мокры, я зноў лёг на дно. Човен, здавалася, адразу апамятаўся і паранейшаму з асцярожнасцю панёс мяне далей між хваль. Мне было ясна, што веславаць нельга. Але якім-жа чынам дабрацца да берага?

Я струсіў, але не збянтэжыўся. Перш за ўсё пачаў асцярожна вычэрпваць сваёй матроскай шапкай ваду, пасля, назіраючы за ходам чоўна, я пастараўся зразумець, чаму ён так лёгка коўзаецца па хвалях. Я заўважыў, што кожная хваля, якая здавалася з берага ці з борта карабля велізарнай роўнай і гладкай гарой, у сапраўднасці больш падобна