Старонка:Востраў скарбаў.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не гледзячы на ўвесь жах майго становішча, я адубеў і ўпаў у забыццё. Калі я заснуў, мне прысніліся родныя мясціны і стары „Адмірал Бенбоў“.

Раздзел XXIV

У ЧОЎНЕ

Калі я прачнуўся, было ўжо зусім светла. Я ўбачыў, што мяне адносіць удоўж паўднёва-заходняга берага Вострава скарбаў. Сонца ўзышло ўжо, але яго засланяла аграмадзіна Падзорнай Трубы, якая зніжалася да мора непрыступнымі скаламі.

Буксірная Галава і ўзгорак Бізань-мачта знаходзіліся ў мяне пад бокам. Узгорак быў голы і цёмны, а Галаву акружалі кручы сорак-пяцьдзесят футаў у вышыню і груды перакуленых скал. Ад мяне да вострава было не больш чвэрці мілі. Я рашыў узяць вясло і грабці да берага.

Аднак, я хутка прымушаны быў адмовіцца ад гэтага намеру. Паміж перакуленых скал шалелі і раўлі буруны. Вялізныя хвалі ўзнімаліся ўверх адна за другой з грукатам, у пырсках і пене. Я ўбачыў, што наблізіўшыся да берага, я або загіну ў гэтых хвалях, або дарма затрачу сілы, спрабуючы, ўзлезці на недаступныя кручы.

Але не толькі гэта палохала мяне. Па плоскіх, як сталы, скалах паўзлі нейкія вялікія, слізкія страшыдлы, нейкія слімакі неймаверных памераў. Зрэдку скакалі яны ў ваду і ныралі. Іх было некалькі тузінаў. Яны брахалі, і аглушальнае рэха кручаў уторыла іх дзікай брахні.

Пазней я даведаўся, што гэта былі марскія львы, зусім бяскрыўдныя жывёліны цюленеватай пароды. Але, выгляд у іх быў страшэнны, бераг быў недаступны, прыбой з раз'юшанай моцай разбіваўся аб скалы, і ў мяне прапала ўсякая ахвота плыць да вострава. Ужо лепш памерці з голаду ў адкрытым моры, чым сустрэцца тварам у твар з такімі небяспекамі.

Тым часам для мяне з'явілася другая магчымасць ратавацца. На поўнач ад Буксірнай Галавы я ўбачыў аголеную