Старонка:Востраў скарбаў.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вёю твары піратаў, асветленыя цмяным святлом капціўшай лямпы. Я заплюшчыў вочы, каб даць ім зноў прызвычаіцца да цемры…

Бясконцая балада, нарэшце, спынілася, і піруючыя каля вогнішча заспявалі знаёмую мне песню:

Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка.
Йо-хо-хо, і бутэлька рому!
Пі, і даканае цябе чортава рука.
Йо-хо-хо, і бутэлька рому!

Раздумваючы аб тым, што зараз вырабляюць ром і чорт у каюце „Іспан'ёлы“, я са здзіўленнем адчуў раптоўны штуршок. Мая лодка рэзка нахілілася і крута змяніла курс. Хуткасць цячэння дзіўна павялічылася.

Я расплюшчыў вочы. Вакол мяне шумелі, пеніліся грэбнямі, сыпалі іскрамі лёгкага фасфарытнага святла дробныя хвалі. „Іспан'ёла“ таксама, здавалася, змяніла свой курс. Я ледзь бачыў яе мачты ў цёмным небе. Так, чым больш я ўглядаўся, тым мацней я пераконваўся, што яе цяпер адносіць на поўдзень.

Я азірнуўся, і сэрца ў мяне трывожна забілася: вогнішча гарэла цяпер якраз у мяне за спіной. Значыць, цячэнне крута павярнула ўправа, пацягнуўшы за сабой і грузную шкуну і мой лёгкі, падскокваючы човен. Бурны струмень цягнуў нас праз вузкую пратоку ў адкрытае мора.

Раптам шкуна зрабіла яшчэ адзін паварот, на дваццаць градусаў не менш, і ў тую-ж хвіліну я пачуў спачатку адзін крык, пасля другі. Раздаўся тупат ног па трапу, і я зразумеў, што п'яныя перасталі біцца. Бяда працвярозіла абодвух.

Я лёг на дно маёй мізэрнай лодкі і аддаўся на волю лёсу. Вышаўшы з пратокі, мы пападзем у раз'юшаныя буруны, якія хутка вызваляць мяне ад усіх клопатаў. Смерці я не баяўся, але было пакутна ляжаць бяздзейна і чакаць, каб яна прышла.

Так праляжаў я некалькі гадзін. Хвалі шпурлялі і апырсквалі мяне. Кожная новая хваля пагражала мне пэўнай смерцю. Але мала-па-малу мной авалодала стомленасць.