Старонка:Востраў скарбаў.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ПЯТАЯ

МАЕ ПРЫГОДЫ НА МОРЫ

Раздзел XXII

ЯК ПАЧАЛІСЯ МАЕ ПРЫГОДЫ НА МОРЫ

Разбойнікі не вярталіся. Ні адзін з іх нават не стрэліў з лесу. „Яны атрымалі свой паёк на сёння“, сказаў пра іх капітан. Мы маглі спакойна перавязваць раненых і рыхтаваць абед. Гатавалі на гэты раз сквайр і я. Не гледзячы на небяспеку, мы палічылі за лепшае гатаваць на дварэ, каб не чуць як жахліва стогнуць нашы раненыя.

З васьмі чалавек, якія атрымалі раненні ў баі, асталіся жывымі толькі трое: пірат, падстрэлены каля байніцы, Гэнтэр і капітан Смолет. Становішча двух першых было безнадзейнае. Пірат хутка памёр; Гэнтэр, не гледзячы на ўсе нашы намаганні, так і не ачуняў. Ён пражыў увесь дзень, цяжка дыхаючы, як дыхаў у часе ўдара той стары пірат, што жыў у нас у карчме. Але робры ў яго былі паламаны, чэрап разбіты, і ў наступную ноч ён без стогну, не ачуняўшы, памёр.

Капітанавы раны былі пакутны, але не так ужо небяспечны. Ні адзін орган не быў смяротна пашкоджаны. Куля Эндэрсона — першым стрэліў у капітана Джоб — прабіла яму лапатку і ледзь-ледзь закранула лёгкае. Другая куля кранула ікры і пашкодзіла некаторыя звязкі.

Доктар запэўняў, што капітан абавязкова паправіцца, але на працягу некалькіх тыдняў яму нельга хадзіць, нельга варушыць рукой і нельга многа размаўляць.