Старонка:Востраў скарбаў.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Страляйце! Страляйце з дому! — крычаў доктар. — А вы, малайцы, пад прыкрыцце.

Але словы яго прапалі дарма. Ніхто не стрэліў. Апошні з чатырох шчасліва пералез частакол і знік разам з усімі ў лесе. Праз хвіліну з нападаючых нікога не асталося, за выключэннем пяці чалавек: чацвёра ляжалі ўнутры частакола і адзін звонку. Доктар, Грэй і я кінуліся ў дзверы, пад абарону тоўстых сцен зруба. Тыя, што асталіся жывымі, маглі кожную хвіліну вярнуцца і зноў пачаць стральбу з мушкетаў. Парахавы дым рассеяўся, і мы адразу ўбачылі, якой цаной здабылі мы перамогу. Гэнтэр ляжаў непрытомным каля сваёй байніцы. Джойс, з прастрэленай галавой, заціх навекі. Якраз пасярэдзіне дому сквайр падтрымліваў капітана, і твары ў абодвух былі бледныя.

— Капітан ранены! — сказаў містэр Трэлоўні.

— Усе ўцяклі? — спытаў містэр Смолет.

— Усе, хто мог, — адказаў доктар. — Але пецярым ужо не ўцякаць ніколі!

— Пецярым! — крыкнуў капітан. — Не так дрэнна. У іх выбыла са строю пяцёра, у нас толькі трое, значыць, нас цяпер чацвёра супроць дзевяці, Гэта лепш, чым было спачатку: сямёра супроць дзевятнаццаці[1].

  1. У сапраўднасці жывымі да таго часу асталіся толькі восем разбойнікаў, таму што чалавек, падстрэлены містэрам Трэлоўні на борце шкуны, памёр у той-жа вечар. Але, зразумела, мы даведаліся аб гэтым значна пазней.

    Заўвага аўтара.