Старонка:Востраў скарбаў.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дазвольце спытаць, сэр, — сказаў Джойс: — калі я ўбачу каго-небудзь, я павінен страляць.

— Зразумела! — крыкнуў капітан.

— Дзякую, сэр, — сказаў Джойс усё так-жа спакойна і ветліва.

Нічога не здарылася, але Джойсава запытанне прымусіла нас усіх настаражыць вочы і вушы. Стралкі трымалі мушкеты напагатове, а капітан стаяў пасярод зруба, сцяўшы губы і нахмурыўшы лоб. Так прайшло некалькі хвілін. Раптам Джойс прасунуў у байніцу свой мушкет і стрэліў. Гук яго стрэлу яшчэ не заціхнуў, як нас пачалі абстрэльваць з усіх бакоў, залп за залпам. Некалькі куль ударылася аб бярвенні блокгауза. Але ў сярэдзіну не заляцела ні адна, і, калі дым рассеяўся, вакол частакола і ў лесе было ціха і спакойна, як раней. Ні адна галінка не варушылася. Ні адно дула не блішчэла ў кустах. Нашы ворагі быццам скрозь зямлю праваліліся.

— Ці папаў ты ў каго-небудзь? — спытаў капітан.

— Не, сэр, — адказаў Джойс. — Здаецца, не папаў, сэр.

— Праўду кажа, і то добра, — прабурчэў капітан Смолет. — Набі яго стрэльбу, Гоўкінс. Як вам здаецца, доктар, колькі на вашым баку было стрэлаў?

— Я магу адказаць дакладна, — сказаў доктар Лівсі: — тры стрэлы. Я бачыў тры ўспышкі — дзве побач і адну далей, да захаду.

— Тры! — паўтарыў капітан. — А колькі на вашым, містэр Трэлоўні?

Але тут адказаць было нялёгка. З поўначы стралялі многа. Сквайр запэўняў, што ён заўважыў усяго сем стрэлаў, а Грэй — што іх было восем або дзевяць. З усходу і з захаду стрэлілі толькі па аднаму разу. Відавочна, атаку трэба было чакаць з поўначы. З другіх бакоў стралялі, каб толькі адцягнуць нашу ўвагу. Аднак, капітан Смолет не змяніў сваіх распараджэнняў.

— Калі разбойнікам удасца пералезці праз частакол, — казаў ён, — яны могуць захапіць любую неабароненую байніцу і перастраляць нас усіх, як пацукоў, у нашай уласнай крэпасці.