Старонка:Востраў скарбаў.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў чатыры пагоны. Гэтыя пагоны мы называлі сталамі. На кожным стале ляжала па чатыры набітыя мушкеты, каб абаронцы крэпасці заўсёды мелі іх пад рукой. А паміж мушкетамі складзены былі корцікі.

— Гасіце агонь, — сказаў капітан. — Пацяплела ўжо, а дым толькі есць вочы.

Містэр Трэлоўні вынес вон жалезную кратку ачага і раскідаў вугалле па пяску.

— Гоўкінс яшчэ не снедаў. Гоўкінс, бяры сваё снеданне і еш на варце, — працягваў капітан Смолет. — Варушыся, дружок, а то астанешся без снедання. Гэнтэр, раздай усім па чарцы брэндзі[1].

Пакуль мы вазіліся, капітан абдумаў да канца план абароны.

— Доктар, вам даручаюцца дзверы, — сказаў ён. — Глядзіце пільна, але не надта высоўвайцеся наперад. Стойце ўнутры і страляйце смялей. Гэнтэр, ты возьмеш усходнюю сценку. Джойс, друг мой, бяры заходнюю. Містэр Трэлоўні, вы лепшы стралок, бярыце разам з Грэем паўночную сценку, самую доўгую, з пяцю байніцамі. Гэта самы небяспечны бок. Калі ім удасца дабегчы сюды і страляць у нас праз байніцы, справа наша будзе вельмі кепская. А мы з табой, Гоўкінс, нікуды не здатныя стралкі. Мы будзем набіваць мушкеты і дапамагаць усім.

Капітан быў правы: холад прайшоў. Ледзь сонца ўзнялося над верхавінамі дрэў, зрабілася горача, і туман знік. Хутка пясок пачаў абпальваць нам пяткі, і на бярвеннях зруба выступіла растопленая смала. Мы скінулі камзолы, расшпілілі каўняры кашуль, закасалі да плеч рукавы. Кожны стаяў на сваёй варце, распалены спякотай і трывогай.

Так прайшла гадзіна.

— Чорт! — сказаў капітан. — Робіцца сумна. Грэй, засвішчы якую-небудзь песню.

Якраз у гэтую хвіліну ўпершыню зрабілася ясна, што на нас рыхтуецца атака.

  1. Брэндзі — англійская гарэлка.