Старонка:Востраў скарбаў.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

смяяцца на тым свеце. А тыя з вас, якія астануцца жывымі, пазайздросцяць мерцвякам.

І, зноў вылаяўшыся, ён закульгаў па пяску. Разы чатыры спрабаваў ён пералезці праз плот і падаў. Нарэшце, яго перацягнуў чалавек з белым сцягам, і ў адну хвіліну яны зніклі сярод дрэў.

Раздзел ХХІ

АТАКА

Як толькі Сільвер знік, капітан, які ўвесь час пільна сачыў за ім, абярнуўся і заўважыў, што на варце стаіць толькі адзін Грэй. Упершыню ўбачылі мы, як капітан злуецца.

— Па месцах! — закрычаў ён.

Мы кінуліся да байніц.

— Грэй, — сказаў ён, — я запішу тваё імя ў карабельны журнал. Ты выканаў свой абавязак, як гэта і павінен марак. Містэр Трэлоўні, вы мяне здзівілі, сэр! Доктар, дык-жа вы насілі вайсковы мундзір. Калі вы так выконвалі свой абавязак пад Фонтэнуа, вы-б лепш не зыходзілі з ложка.

Вахта доктара стаяла каля байніц, а астатнія набівалі мушкеты. Мы ўсе пачырванелі. Нам было сорамна.

Капітан моўчкі сачыў за намі. Потым загаварыў зноў:

— Сябры, — сказаў ён, — я Сільвера сустрэў, так сказаць, пушачным залпам. Я знарок давёў яго да шаленства. Паводле яго слоў не пройдзе і гадзіны, як яны нападуць на нас. Вы ведаеце, што іх больш, чым нас, але затое мы знаходзімся ў крэпасці. Хвіліну назад я мог-бы нават сказаць, што ў нас ёсць дысцыпліна. Я не сумняваюся, што мы пераможам іх, калі вы захочаце перамагчы.

Затым ён абышоў нас усіх і прызнаў, што на гэты раз усё ў парадку.

У двух кароткіх сценках зруба — ва ўсходняй і заходняй — было толькі па дзве байніцы. У паўднёвай, дзе знаходзіліся дзверы, таксама дзве. А ў паўночнай — пяць. У нас было дваццаць мушкетаў на семярых. Дровы мы склалі