Старонка:Востраў скарбаў.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі першае вам не падабаецца, таму што шмат хто з маіх матросаў здаўна точаць на вас зубы, вось вам другое: мы пакінем вас тут, на востраве. Харчы мы падзелім з вамі пароўнаму, і я абяцаю выслаць да вас першы-ж сустрэчны карабль. Раю вам прыняць гэтыя ўмовы. Лепшых умоў вам не дабіцца. Спадзяюся, — тут ён узняў голас, — усе вашы людзі тут у доме чулі мае словы, бо сказанае аднаму адносіцца да ўсіх.

Капітан Смолет узняўся і вытрусіў попел з сваёй люлькі на далонь левай рукі.

— І гэта ўсё? — спытаў ён.

— Гэта маё апошняе слова, клянуся громам! — адказаў Джон. — Калі вы адмовіцеся, замест мяне будуць гаварыць нашы стрэльбы.

— Вельмі добра, — сказаў капітан. — А цяпер паслухайце мяне. Калі вы ўсе прыдзеце да мяне сюды бяззбройныя па-аднаму, я закую вас у кайданы, адвязу ў Англію і аддам пад суд. Але калі вы не з'явіцеся, дык памятайце, што завуць мяне Аляксандр Смолет, што я стаю пад гэтым сцягам і што я не памілую нікога. Скарбаў вам не знайсці. Адплыць на караблі вам не ўдасца: ніхто з вас не ўмее кіраваць караблём. Біцца вы таксама не мастакі: супроць аднаго Грэя было пяцёра вашых, і ён справіўся з імі з усімі. Вы моцна селі на мель, капітан Сільвер, і не хутка зыйдзеце з яе. Гэта апошняе добрае слова, якое вы чуеце ад мяне. А пры наступнай сустрэчы я ўсаджу кулю вам у спіну. Ідзеце-ж прэч, любезны. Спяшайцеся.

Сільверавы вочы ўспыхнулі ад ярасці. Ён вытрусіў агонь з сваёй люлькі.

— Дайце мне руку, каб я мог падняцца! — крыкнуў ён.

— Не дам, — сказаў капітан.

— Хто падасць мне руку? — закрычаў Сільвер.

Ніхто з нас нават не крануўся. Брыдка лаючыся, Сільвер прапоўз па пяску да ганка, ухапіўся за яго, і толькі тут яму ўдалося падняцца. Ён плюнуў у ручай.

— Вы для мяне, вось як гэты плявок! — крыкнуў ён. — Праз гадзіну я буду піць ром у вашым доме. Смейцеся, каб вас пярун забіў, смейцеся! Праз гадзіну вы будзеце