Старонка:Востраў скарбаў.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Справа вось у чым, — сказаў Сільвер. — Мы хочам здабыць скарб і мы яго здабудзем. А вы, вядома, хочаце выратаваць сваё жыццё і маеце на гэта поўнае права. Але-ж у вас ёсць карта, ці не праўда?

— Вельмі магчыма, — адказаў капітан.

— Я напэўна ведаю, што яна ў вас ёсць, — працягваў Доўгі Джон. — І чаму вы гаворыце са мной так хіліста, гэта не дасць вам карысці. Нам патрэбна ваша карта, вось і ўсё, а вам асабіста я не жадаю і найменшага зла.

— Пакіньце, любезны, — перабіў яго капітан. — Не з такім сустрэліся. Нам дакладна вядома, якія былі ў вас намеры. Але гэта нас ніколькі не турбуе, таму што рукі ў вас аказаліся кароткія.

Капітан спакойна глянуў на яго і пачаў набіваць сваю люльку.

— Калі Эб Грэй… — пачаў Сільвер.

— Стоп! — закрычаў містэр Смолет. — Грэй нічога мне не казаў, і я ні аб чым яго не запытваў. Скажу больш: я з прыемнасцю пусціў-бы ў паветра і вас, і яго, і ўвесь гэты чартоўскі востраў! Вось што я думаю аб усёй вашай шайцы, любезны.

Гэта гнеўная ўспышка, відаць, укалола Сільвера. Ён пачаў ужо траціць роўнавагу, але стрымаўся.

— Як вам падабаецца, — сказаў ён. — Думайце, што хочаце, я забараняць вам не буду. Вы, здаецца, хочаце закурыць люльку, капітан. І я, калі дазволіце, зраблю тое-ж.

Ён набіў табакай сваю люльку і закурыў. Двое мужчын доўга моўчкі сядзелі, то пазіраючы адзін другому ў твар, то зацягваючыся дымам, то нагінаючыся наперад, каб сплюнуць. Глядзець на іх было смешна, як на тэатральны паказ.

— Вось нашы ўмовы, — сказаў, нарэшце, Сільвер. — Вы нам даеце карту, каб мы маглі знайсці скарб; вы не будзеце падстрэльваць няшчасных маракоў і разбіваць ім галовы, калі яны спяць. Калі вы згодны на гэта, мы прапануем вам два выбары. Першае: пагрузіўшы скарбы, мы дазваляем вам вярнуцца на карабль, і я даю вам слова гонару, што высаджу вас дзе-небудзь на бераг цэлымі.