Старонка:Востраў скарбаў.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тырства“ ён вымавіў з асаблівым націскам. — Мы гатовы вам падначаліцца зноў, але, канечна, на пэўных умовах, калі вы згодзіцеся падпісаць з намі ўмову. А пакуль што дайце мне слова гонару, капітан Смолет, што вы адпусціце мяне адсюль жывым і не пачнеце стральбы, перш чым я не адыйду ад частакола.

— У мяне няма ніякай ахвоты размаўляць з вамі, — сказаў капітан Смолет. — Але калі вы хочаце гаварыць са мной, ідзіце сюды. Аднак, калі вы задумваеце здрадніцтва, то пасля наракайце на сябе.

— Гэтага досыць, капітан! — весела ўсклікнуў Доўгі Джон. — Аднаго вашага слова досыць. Я ведаю, што вы джэнтльмен капітан, і што вашаму слову можна цалкам паверыць.

Мы бачылі, як чалавек з белым сцягам стараўся ўтрымаць Сільвера. У гэтым не было нічога дзіўнага, таму што капітан размаўляў не надта прыязна. Але Сільвер толькі засмяяўся ў адказ і хлопнуў яго па плячы, быццам нават сама думка аб небяспецы ўяўлялася яму недарэчнасцю. Ён падышоў да частакола, спачатку перакінуў праз яго свой кастыль, а пасля пералез і сам з незвычайнай хуткасцю і лоўкасцю.

Павінен прызнацца; я так быў захоплены ўсім адбываўшымся, што забыў абавязкі вартавога. Я пакінуў сваю варту каля ўсходняй байніцы і стаяў ззаду капітана, які сядзеў на парозе, паклаўшы локці на калені, падтрымліваючы галаву рукамі, і глядзеў у стары жалезны кацёл, дзе бурліла вада і скакалі пясчынкі. Спакойна насвістваў ён сабе пад нос: „За мной, юнакі і дзяўчаты“.

Сільверу было пакутна цяжка ўзыходзіць па схілу ўзгорка. На спадзе, сярод сыпучага пяску і шырокіх карчоў, ён са сваім кастылём быў бездапаможны, як карабль на мелі. Але ён мужна і маўкліва перамог увесь шлях, спыніўся перад капітанам і аддаў яму чэсць з незвычайнай элегантнасцю. На ім была яго лепшая вопратка: доўгі, да калена, сіні кафтан з мноствам медных гузікаў і ссунуты на патыліцу капялюш, абшыты тонкім кружавам.

— Вось і вы, любезны, — сказаў капітан, узняўшы галаву. — Сядайце.