Старонка:Востраў скарбаў.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пусціце мяне ў дом, капітан, — жаласна папрасіў Доўгі Джон. — У такую халодную раніцу, сэр, не хочацца сядзець на пяску.

— Калі-б вы, Сільвер, — сказаў капітан, — палічылі за лепшае астацца сумленным чалавекам, вы сядзелі-б цяпер у сваёй кухні. Самі вінаваты. Або вы мой карабельны повар, і тады я з вамі абыходжуся па-добраму, або вы капітан Сільвер, бунтаўшчык і пірат, і тады не чакайце ад мяне нічога, акрамя шыбеніцы.

— Добра, добра, капітан, — сказаў повар, сядаючы на пясок. — Толькі потым вам давядзецца падаць мне руку, каб я мог падняцца. Нядрэнна вы тут устроіліся. А, гэта Джым. Добрай раніцы, Джым. Доктар, маё шанаванне. Дык вы тут усе ў зборы, быццам шчаслівая сям'я, калі дазволіце так сказаць.

— Да справы, любезны, — перабіў капітан. — Кажыце. Навошта вы прышлі?

— Правільна, капітан Смолет, — адказаў Сільвер. — Справа перш за ўсё. Павінен прызнацца, вы зручную штуку зрабілі сёння ўначы. Нехта з вас умее карыстацца дубінай. Сёй-той з маіх людзей быў проста ўзрушаны гэтай справай, ды не толькі сёй-той, але ўсе, я і сам, прызнацца, узрушаны. Магчыма, толькі праз гэтае я і прышоў сюды заключыць умову. Але, клянуся громам, капітан, другі раз гэтая гісторыя вам не ўдасца! Мы ўсюды выставім вартавых і зменшым выдачу рому. Вы, напэўна думаеце, што мы ўсе былі п'яныя ўдрызг? Паверце мне я быў зусім не п'яны, я толькі змарыўся, як сабака. Калі-б я прачнуўся на секунду раней, вы-б ад мяне не ўцяклі. Ён яшчэ быў жывы, калі я дабег да яго.

— Далей, — спакойна вымавіў капітан Смолет.

Усё, што гаварыў Сільвер, было для капітана загадкай, але капітан і брывёй не паварушыў. А я, прызнацца, сцяміў сёе-тое. Мне ўспомніліся апошнія словы Бена Гана. Я зразумеў, што ўначы ён прабраўся ў лагер разбойнікаў, калі яны п'яныя валяліся вакол вогнішча. Мне было весела думаць, што цяпер асталіся жывымі толькі чатырнаццаць нашых ворагаў.