Старонка:Востраў скарбаў.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раздзел ХХ

СІЛЬВЕР ПАРЛАМЯНЦЁРАМ

Сапраўды да частакола падышлі два чалавекі. Адзін з іх размахваў кавалачкам белага рыззя, а другі, не хто іншы, як сам Сільвер, бестурботна стаяў побач.

Было яшчэ вельмі рана. Даўно я не бачыў такой халоднай раніцы. Дрыжыкі пранізвалі мяне да касцей. Неба было яснае, ззяючае, верхавінкі дрэў ружавелі ў праменнях узыходзячага сонца, але ўнізе, дзе стаяў Сільвер са сваім спадарожнікам, усё яшчэ была густая цень. Каля іх ног клубіўся белы туман — начныя выпарэнні балота. Дрыжыкі і туман — вось у чым была сумная таямніца вострава. Гэты востраў — сырое, малярыйнае, нездаровае месца.

— Усе па мясцах! — сказаў капітан. — Б'юся аб заклад, што яны задумваюць нейкую хітрасць. — Затым ён крыкнуў разбойнікам: — Хто ідзе? Стой, а то будзем страляць!

— Белы сцяг! — крыкнуў Сільвер.

Капітан вышаў на ганак, стаўшы пад такім прыкрыццем, дзе здрадніцкая куля бадай што не пагражала яму. Павярнуўшыся да нас, ён загадаў:

— Атрад доктара — на вахту да байніц. Доктар Лівсі, прашу вас, займіце паўночную сценку. Джым — усходнюю. Грэй — заходнюю. Другой варце — набіваць мушкеты. Больш жвава! Ды будзьце ўважлівы!

Потым зноў звярнуўся да разбойнікаў:

— Чаго вы хочаце ад нас з вашым белым сцягам? — крыкнуў ён.

На гэты раз адказаў не Сільвер, а другі пірат.

— Капітан Сільвер, сэр, запрашае вас да сябе на карабль і хоча заключыць з вамі ўмову! — пракрычаў ён.

— Капітан Сільвер? Я такога не ведаю. Хто ён? — спытаў капітан.

Мы чулі, як ён дадаў упоўголаса:

— Вось як! Ужо капітан! Хуткае павышэнне ў чынах!

Доўгі Джон адказаў сам:

— Гэта я, сэр. Нашы няшчасныя хлопцы выбралі мяне капітанам пасля вашага дэзертырства, сэр. — Слова „дэзер-