Старонка:Востраў скарбаў.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дроў з лесу нацягалі цэлую кучу, але капітан быў усё-ж нездаволены.

— Заўтра я прымушу вас працаваць як след, — сказаў ён.

Павячэраўшы капчонай свінінай і выпіўшы па шклянцы гарачага грогу, капітан, сквайр і доктар адышлі для нарады.

Але, відаць, нічога добрага не ўспадала ім на думку. Харчоў у нас было так мала, што мы павінны былі няўхільна памерці з голаду яшчэ загадзя да прыбыцця дапамогі. Аставалася адно: забіць як мага больш піратаў, забіваць іх датуль, пакуль яны не спусцяць свой чорны сцяг або пакуль не выйдуць на „Іспан'ёле“ ў адкрытае мора. З дзевятнаццаці іх ужо асталося пятнаццаць, прычым двое ранены; а адзін падстрэлены каля пушкі, калі не памёр, дык ва ўсякім разе цяжка ранены. Мы павінны старанна берагчы нашых людзей і памятаць, што ў нас ёсць два надзейныя саюзнікі — ром і клімат.

Ром ужо ўзяўся за справу: ад нас да піратаў было толькі поўмілі, і тым не менш да апошняй ночы чулі мы песні і крыкі. А доктар кляўся сваім парыком, што хутка за справу прымецца і клімат: лагер піратаў каля балота, лякарстваў у іх няма ніякіх, і праз тыдзень палова з іх будзе качацца ў ліхарадцы.

Дык вось, — казаў доктар, — калі ім не ўдасца забіць нас адразу, яны будуць рады пакінуць востраў і вярнуцца на шкуну. У іх ёсць карабль і яны заўсёды могуць заняцца сваім старым рамяством — марскім разбоем.

— Гэта першы карабль, які мне давялося страціць, — сказаў капітан Смолет.

Я страшэнна стаміўся. Доўга качаўся я да таго, як заснуць, але пасля спаў, як забіты.

Усе ўжо даўно ўсталі, паснедалі і нацягалі дроў, калі я раптам прачнуўся, абуджаны неспадзяванымі крыкамі.

— Белы сцяг! — сказаў нехта.

І зараз-жа раздаўся здзіўлены выгук:

— Сам Сільвер!

Я ўскочыў, працёр вочы і кінуўся да байніцы ў сцяне.