Старонка:Востраў скарбаў.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цябе прывяжуць да хваста дзікага каня? Не здрадзіш? Нават калі цябе будуць катаваць не скажаш?

Грукат пушачнага стрэлу прарваў яго словы. Ядро праляцела паміж дрэў і ўпала на пясок за сто ярдаў ад таго месца, дзе мы стаялі і размаўлялі. І мы абодва кінуліся ў розныя бакі.

На працягу гадзіны востраў уздрыгаўся ад пальбы, і ядры насіліся ў лесе, крышачы ўсё на сваім шляху. Я хаваўся то тут, то там, і ўсюды мне здавалася, што ядры ляцяць проста на мяне. Мала-па-малу да мяне вярнулася страчаная мужнасць. Аднак, я ўсё яшчэ не адважваўся падыйсці да частакола, каля якога ядры падалі часцей за ўсё. Пасоўваючыся да ўсходу, я дабраўся, нарэшце, да дрэў, што раслі каля самага берага.

Сонца толькі што зайшло, марскі брыз свісцеў у лесе і пакрываў дробнымі хвалямі шэраватую паверхню бухты. Адліў агаліў шырокую пясчаную мель. Паветра пасля дзённай спякоты зрабілася такім халодным, што я моцна змёрз у сваім лёгкім камзоле.

„Іспан'ёла“ паранейшаму стаяла на якары. Але над ёю развяваўся „Вясёлы Роджэр“ — чорны пірацкі сцяг з намаляваным чэрапам. На борце бліснула чырвоная ўспышка, і гучнае рэха разнесла па ўсяму востраву апошні пушачны стрэл. Кананада скончылася.

Я ляжаў у кустах і сачыў за піратамі. На беразе, якраз супроць частакола, некалькі чалавек секлі нешта сякерамі. Пасля я даведаўся, што яны знішчалі няшчасную нашу лодачку. Воддалі, каля ўтокі рэчкі, паміж дрэў палала вялікае вогнішча. Між вогнішчам і караблём няспынна сноўдалася шлюпка. Матросы, такія панурыя раніцой, цяпер, вяслуючы, крычалі і смяяліся, як дзеці. Але па гуку іх галасоў я дагадаўся, што вяселле гэга выклікана ромам.

Нарэшце я адважыўся накіравацца да частакола. Я быў даволі далёка ад яго, на нізкай пясчанай касе, якая замыкала нашу бухту з усходу і даходзіла бадай што да самага Вострава шкілета. Узняўшыся, я ўбачыў далей на касе сярод нізкіх хмызнякоў адзінокую, даволі вялікую скалу дзіўнага, бялесага колеру. Мне прышло на думку, што гэта