Старонка:Востраў скарбаў.pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тая самая белая скала, пра якую гаварыў Бен Ган, і што, калі мне спатрэбіцца лодка, я буду ведаць, дзе яе знайсці. Я ішоў праз лес, пакуль не ўбачыў перад сабой задні, самы далёкі ад мора, край частакола. Свае мяне сустрэлі са шчырай гасціннасцю.

Я расказаў ім аб маіх прыгодах і азірнуўся вакол. Дом быў увесь пабудаваны з неабчасаных соснавых ствалоў і сцены, і страха, і падлога. Падлога ў некаторых месцах узнімалася на фут або на паўтара над зямлёй. Каля ўваходу быў прыладжаны ганачак, пад ганачкам цурчэў ручаёк. Струмень цёк у штучны басейн вельмі арыгінальнага віду: вялізны карабельны чыгунны кацёл з выбітым дном, закапаны ў пясок „да самай ватэрлініі“, як казаў капітан.

У доме было бадай што пуста. Толькі ў адным куце стаяла груба складзенае з каменняў нешта падобнае да ачага з жалезнай краткай для вугалля.

Усе дрэвы на схілах узгорка, акружанага частаколам, былі ссечаны на пабудову. Мяркуючы па карчах, тут загінуў незвычайны гай. Верхні пласт глебы пасля знішчэння дрэў быў змыты і знесены дажджамі, агаліўшымі чысты пясок. Толькі там, дзе ручаёк выцякаў з катла, віднеліся і мох, і папараць, і нізкарослы хмызняк. Адразу за частаколам пачынаўся густы і высокі лес. Гэта, як казалі, перашкаджала абароне. Ззаду, з боку сушы, лес складаўся з соснаў, а спераду, з боку пратокі, — з тых-жа соснаў і вечназялёных дубоў.

Халодны вячэрні брыз, аб якім я ўжо казаў, дзьмуў ва ўсе шчыліны зруба збітай будыніны, пасыпаючы падлогу няспынным дажджом пяску. Пясок запарушваў нам вочы, пясок хрусцеў у нас на зубах, пясок пападаў нам у ежу, пясок скакаў у крыніцы на дне катла, як крупы ў кіпячым супе. Коміну ў нас не было — дым выходзіў праз квадратную адтуліну ў страсе. Раней чым знайсці выйсце, ён рассцілаўся па ўсяму дому, прымушаючы нас кашляць і плакаць.

Грэй, наш новы таварыш, сядзеў з перавязаным тварам — разбойнікі парэзалі яму шчаку. А стары Том Рэдрэт, усё