Старонка:Востраў скарбаў.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ніколі! — усклікнуў ён. — На гэтым востраве, у гэтай пустыні, дзе нікога не бывае, апрача джэнтльменаў удачы, Сільвер узняў-бы чорны, пірацкі сцяг. Ужо-ж пакладайся на мяне. Я гэтыя справы разумею. Там твае сябры, гэта верна. Магчыма была сутычка і яны перамаглі. І цяпер яны на беразе за частаколам. Гэта Флінт паставіў частакол. Шмат гадоў назад. Што за галава быў гэты Флінт! Толькі ром мог яго зламаць. Нікога ён не баяўся, апрача Сільвера. А Сільвера ён пабайваўся, трэба праўду сказаць.

— Ну што-ж, — сказаў я, — паколькі за частаколам свае, трэба ісці туды.

— Пастой, — запярэчыў Бен. — Пачакай. Ты, здаецца, слаўны хлопчык. Але ўсё-ж ты толькі хлопчык. А Бен Ган хітры. Бен Ган не схібіць. Ніякай выпіўкай мяне туды не забавіш. Я павінен сам убачыць твайго джэнтльмена, і няхай ён дасць мне сваё слова гонару. А ты не забудзь маіх слоў. Толькі, так і скажы яму, толькі пры асабістым знаёмстве магчыма давер'е, і ўшчыпні яго за руку.

І ён у трэці раз ушчыпнуў мяне з самым многазначным відам.

— А калі Бен Ган вам спатрэбіцца, ты ведаеш, дзе знайсці яго, Джым. Там, дзе ты знайшоў яго сёння. І той, хто прыдзе па яго, павінен трымаць белую хустачку ў руцэ і няхай прыходзіць адзін. Ты ім так скажы: „У Бена Гана, скажы, ёсць на гэта свае прычыны“.

— Добра, — сказаў я. — Здаецца, я вас зразумеў. Вы хочаце нешта запрапанаваць, і вам трэба пабачыцца са сквайрам або з доктарам. А ўбачыць вас можна там, дзе я вас знайшоў сёння? Гэта ўсё?

А чаму ты не пытаеш, у якія гадзіны мяне можна застаць? Я прыймаю з поўдня да шасці склянак.

— Добра, добра, — сказаў я. — А цяпер я магу ісці?

— А ты не забудзеш? — спытаў ён трывожна. — Скажы яму, што „толькі пры асабістым знаёмстве“ і што „ёсць свае прычыны“. Я пагавару з ім, як чалавек з чалавекам. А цяпер можаш ісці. Джым, — сказаў ён, паранейшаму моцна трымаючы мяне за руку. — Паслухай, Джым, а калі ты ўбачыш Сільвера, ты не прадасі яму Бена Гана? Нават калі