Старонка:Востраў скарбаў.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вось і вылічце, калі гэты карабль будзе тут, — скончыў я.

— Ну, сэр, — сказаў капітан, чухаючы патыліцу, — у такім разе нам, нават калі вельмі пашанцуе, давядзецца цяжкавата.

— Чаму? — спытаў я.

— Вельмі шкада, сэр, што ўвесь груз, які быў у лодцы, загінуў. Вось чаму, — адказаў капітан. — Пораху і куль у нас дастаткова. Але харчоў мала. Вельмі мала. Бадай што не прыдзецца шкадаваць, што мы пазбавіліся ад лішняга едака.

Ён указаў на пакрытага сцягам нябожчыка.

У гэтую хвіліну высока над страхой зруба з ровам і свістам праляцела ядро. Яно ўпала дзесьці далёка за намі ў лесе.

— Ага! — сказаў капітан. — Бамбардыроўка! Але-ж пораху ў іх не так ужо многа.

Другі прыцэл быў узяты больш удала. Ядро праляцела праз частакол і ўпала перад зрубам, узняўшы цэлую хмару пяску.

— Капітан, — сказаў сквайр, — зруба з карабля не відаць. Яны, напэўна, цэляцца ў наш сцяг. Можа лепш спусціць яго?

— Спусціць сцяг? — абурыўся капітан. — Не, сэр. Няхай яго спушчае хто хоча, але я спушчаць не буду.

І мы адразу-ж з ім згадзіліся.

Горды марскі звычай не дазваляе спушчаць сцяг у часе бойкі. І акрамя таго, мы хацелі давесці ворагам, што нам зусім не страшна іх пальба.

Яны абстрэльвалі нас з пушкі ўвесь вечар. Адно ядро праносілася ў нас над галовамі, другое падала перад частаколам, трэцяе ўзнімала пясок каля самага зруба. Піратам даводзілася браць высокі прыцэл, ядры трацілі сілу і зарываліся ў пясок. Асколкаў мы таксама не баяліся. І, хаця адно ядро прабіла ў нас страху і падлогу, мы хутка прызвычаіліся да абстрэлу і адносіліся да яго безуважна, як да траскатні цвыркуна.

— Ёсць у гэтым і добрая з'ява — заўважыў капітан. — Усе піраты, відаць, цяпер на караблі. Адліў узмоцніўся, і нашы прыпасы, напэўна, вышлі з пад вады. Эй, ці не знойдуцца ахвотнікі збегаць па свініну, якая патанула?