Старонка:Востраў скарбаў.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

набой. Тут толькі я заўважыў, што Грэй бяззбройны, і аддаў яму свой корцік. Узрадаваны, ён папляваў на рукі, насупіў бровы і замахаў корцікам з такой сілай, што лязо са свістам рассякала паветра. І кожны ўзмах корціка быў доказам, што наш новы саюзнік будзе біцца да апошняй кроплі крыві.

Прабегшы яшчэ крокаў сорак, мы выбраліся на ўскрайку лесу і апынуліся перад частаколам. Мы падышлі якраз да сярэдзіны яго паўднёвага боку. А ў той-жа час сямёра разбойнікаў з боцманам Джобам Эндэрсонам на чале, з гучным крыкам выскачылі з лесу каля паўднёва-заходняга кута частакола.

Яны спыніліся збянтэжаныя. Мы са сквайрам стрэлілі, не даўшы ім апамятацца. Гэнтэр і Джойс, сядзеўшыя ва ўмацаванні, стрэлілі таксама. Чатыры стрэлы грымнулі разам і не прапалі дарма: адзін з ворагаў паваліўся, астатнія спехам схаваліся за дрэвамі.

Зноў набіўшы стрэльбы, мы асцярожна прабраліся ўдоўж частакола паглядзець упаўшага ворага.

Ён быў забіты на месцы. — Куля трапіла проста ў сэрца.

Поспех узрадаваў нас. Але раптам у кустах ляснуў пісталет, у мяне над вухам прасвісцела куля, і небарака Том Рэдрэт пахіснуўся і ва ўвесь рост грымнуўся на зямлю. Мы са сквайрам стрэлілі ў кусты. Але страляць давялося наўдачу, і, відаць, нашы стрэлы прапалі дарма. Зноў набіўшы стрэльбы, мы кінуліся да беднага Тома.

Капітан і Грэй ужо аглядалі яго. Я глянуў толькі мігам і адразу ўбачыў, што справа безнадзейная.

Відаць, нашы стрэлы прымусілі піратаў адступіць, таму што нам удалося без усякай перашкоды перанесці няшчаснага старога егера праз частакол і ўцягнуць пад страху блокгауза, у зруб.

Бедны стары таварыш! Яго нішто не здзіўляла, ён ні на што не скардзіўся, нічога не баяўся і нават ні на што не бурчэў ад самага пачатку нашых прыгод да таго дня, калі мы паклалі яго ў зруб паміраць. Ён, як траянец, па-геройску ахоўваў калідор на караблі, прыкрыты адным матрацам. Усе загады ён выконваў маўкліва, пакорна і добра —