Старонка:Вежа (1928).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

І ў ноч глухую іх выводзілі з вагонаў.
Скрозь мрок і цемнату зірнулі ў вочы ім
штыкоў халодны бляск і прозалаць пагонаў
і злосьці дзікай ручаі.
Пачулі злоснае: „Усе сябры Савету
і комуністыя наперад — пяць шагоў!..“
іх вышла трыццаць пяць туды, дзе пасмы сьвету
паходні сеялі кругом.
О, рэволюцыя!..
шляхі твае хто зьмерыць?
і чалавек адзін — пылінка прад табой…
Ёсьць сіла гэткая — мацней жыцьця і сьмерці,
яе-б ня змог ні страх, ні боль.
Калі пранеслася каманда офіцэра
кароткая і злая — „расстраляць“, —
ўсе твары змрок пакрыў заслонай чорна-шэрай
свайго шырокага крыла.
іх трыццаць пяць было рабочых-комунараў…
і першы з сумам вочы ў даль падняў:
— Хай стане наша сьмерць маленькаю ахвярай
для надыходзячага дня!..
Схавала ноч палаючыя словы.
І так сказаў другі: — Ня шкода паміраць!..
На гэтых вось шляхох, дзе зложым мы галовы,
і ворагаў загіне раць!..