Старонка:Васількі (1914).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Траплялася не раз, — памяталі кусьцікі, — як паміж іх залеталі зерняты з вялікіх дрэў, але яны і ўвагі на іх не зверталі: паляжыць гэтакае насеньне, паваляецца і то вецер далей яго гоне, то яно засохне і згіне. Але цяпер — пасьля нарады — на першае зерне, якое да іх трапіло, сыпнулі кусьцікі сваімі лісточкамі і іголачкамі і, гэтак прыкрыўшы, сталі шанаваць і сьцерагчы яго. С пястуна на другі год — на вясну — паказаўся расток, і пагнала яго ў гару. Цешыліся кусьцікі і, каб даць выгоду свайму гадунцу, не жалеючы, патсыпалі і патсыпалі яму то лісточкаў сваіх, то іголачэк.

Шмат год прайшло с таго часу, але ўсё-ж ткі прыждалі кусьцікі, калі іх гадунец — дрэва разраслося на здзіў высокае, на здзіў шырокае, на здзіў густое. Надзея кусьцікаў, што вось-вось цяпер настане для іх новае, спакойнае, лепшае жыцьцё, цешыла іх бязмерна.

І праўда. Таўстое карэньня, вялікіе галіны, густые лісты баранілі іх ад ворагаў: паводак, навальніц, ветраў, — але гадунец гэты закрыў ім і… сонцэ.

І — пагінулі кусьцікі!