Старонка:Васількі (1914).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аддае балотам, але да дуды складзен. На цымбалах добра рэжэ бусел, але з ім нам ні варта займацца: праз лад ужо насаты. З нас і так будзе; хай малады с сваей стараны прымчыць“.

Слухаючы гэтых праектаў, маладая з радасьці ажно с сука на сук стала скакаць.

Толькі, як прыйшлося выбраць пасланца па госьці, аніяк не маглі прыдумаць, каго-б тут назначыць? Урэшці згодзіліся на сініцу: надта ўжо дасужая — ці трэба, ці ня трэба. — ўсюды дападзе, ўсюды загляне, дый набрэхаць хоць што можэ!

І праўда: зраньня наказалі, ды йшчэ поўдня не мінула, а яна ўжо назад з дакладам прыпёрла:

— „Так і так, — кажэ, — ўсюды была, ўсіх абляцела, з усімі гаварыла, ўсе іх гутаркі патслухала, ўсе іх думкі выведала. Надта ўжо усьцешыліся і шлюць падзяку за так вялікі гонар і неспадзеваную ласку вашай міласьці, толькі баяцца“…

— „Чаго? — насупіўшыся, пытае каршуніха, — казала ім, як я табе прыказывала?“.