Старонка:Васількі (1914).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а мо ўжо і болей, як шэсць па шэсць нашэптала пацераў Тамашыха; мо гэта і ня добра? Усхапілася с прызбы, кінулася да дзьвярэй і расчыніла іх. Шугануў дым, цёмны едкі дым, грыз вочы, душыў у горлі, але Тамашыха не зважала на гэта: вобмацкам мінула печ, дабралася да палка і нагнулася.

Там — з нацягнутай на галоўку грубой посьцілкай лежаў Сьцепанка — пацеха і ўся надзея Тамашыхі. Лежаў ціханька і толькі худзенькая маленькая ручка зьвесілася с палка. Тамашыха асьцярожна падняла і палажыла гэту малую ручку на грудзі сына, а сама ціханька, каб не разбудзіць хвораго, адыйшла, села на лаву і задумалася. І, ці то ад дыму, ці то ад гэтых думак, сьлезіна за сьлезіной капалі і капалі з вачэй беднай кабеціны…

Задумалася Тамашыха. І ажно сама дзівілася, скуль можэ брацца столькі бяды, столькі нешчасьця, сколькі ўсьцяж валілася на яе галаву. І за што? Грэшная? Мо яе грэх найважнейшы, найбольшы за ўсіх? Мо дзеля таго і пакутавае яна за ўсіх? Мо іншым за тое лягчэй жывецца? Ой, бо ці ўсё-ж яе жыцьцё не адна пакута? Не адна беда? Не адна нядоля?