Старонка:Васількі (1914).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надумаў не гаварыць: на што бабі ведаць? Ешчэ гатова разбрэхаць па вёсцы, а гэтаго нельга, бо і заработак можэ ляснуць.

Па дарозі зноў зайшоў Сьцёпка ў шыночак, знайшлася там знаёмая кампанія, а да таго быў рубель — было за што і пры чым пасядзець, дык ледзь у ночы дацягнуўся да дому. І, вайшоўшы ў хату, намацаў палок і, рынуўшыся на яго, заснуў моцным, пьяным сном.

Сонейка ўжо высока паднялося, калі Сьцёпка расчухаўся, злез с палка, моўчкі насунуў шапку і высунуўся за дзьверы. Тацяна так сама бытцым і не бачыла мужа — ніводным словам не зачапіла яго. Яна добра ведала, што ніякое прычытываньне ня толькі не памагала, але ешчэ горш шкодзіла: Сьцёпка, на злосць жонцы, кідаў тады ўсю работу і сьцягіваўся з дому на колькі дзён. Хніпаючы і ўціраючы нос хвартухом, Тацяня ямчэй толькі перэстаўляла гаршкі; мацней ляскала вілкамі і чапялой ў качарэжніку і часьцей куксала свайго малога Сымонку, каторы круціўся каля спадніцы маткі.

Тымчасам Сьцёпка, выйшоўшы на двор, як сеў на прызьбе, дык і не скрануўся, ажно пакуль жонка ня клікнула палуднаваць.