Старонка:Васількі (1914).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

але, дай Божэ ім доўгі век, с таго сьвету вярнулі паненку… Але якую? — і не пазнаць! Ані яна складна што скажэ, ані ў яе памяці, ані якой рупнасьці да гаспадаркі… адна толькі ахвота асталася да дурня ў карты, і то без уселякіх даўнейшых жартаў… от толькі мы ў дваёх. І то — ігра, каб ігра, а то жалься Божэ! Нічога ня помніць, толькі кідае картамі! Іншы раз у рабочы час пасылае па мяне ісьці іграць ў карты. Як тут не паслухаць? Але бачу я, што ад гэтых гульнёў гаспадарка пачынае кульгаць… Я і так, і сяк прабаваў выкручывацца — нічога не памагае! Так мне гэта надаела, — што і сказаць не патраплю!

Добра не скажу на каторым гаду паненчынай хваробы, ў самую Пятроўку, калі грукала і блыскала на небе, а на пожні сена, як шафран пахучэе, раніцай разьбілі, — прысылае паненка па мяне, каб зараз ішоў у дурня гуляць.

Не сцярпеў — грэшны я чэлавек — узлаваўся: досыць, кажу, мяне дурнем рабіць! Не мая гаспадарка, а чужая? Здаць мне яе трэба — каб людзі не сьмеяліся — не пайду! Скажы, што мяне не знайшоў.

— Паненка ўсю дворню пагоне шукаць, — кажэ зафрасаваны пасланец.