Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
VІІ

Мы разгледзелі паасобныя часьціны—тэматычныя ды стылістычныя, — з якіх складаюцца разгляданыя намі апавяданьні Я. Коласа. Цяпер на чарзе стаіць апошняе пытаньне, якое ўваходзіць у склад констатую чага выўчаньня, гэта — пытаньне аб тым, якім чынам вызначаныя намі часьціны злучаюцца ў адно цэлае і даюць адзін мастацкі твор. Мы павінны разгледзець тое, што называецца сужэтнай пабудовай ці композыцыяй твору, якая і мае сваёй галоўнай мэтай азначэньне таго, як мастацкі твор ствараецца пісьменьнікам у выглядзе скончанага і цэльнага мастацкага будынку. Прыстасоўна да разгляданых апавяданьняў канечна трэба ў межах таго самага разьдзелу аб композыцыі разгледзець і яшчэ адно пытаньне, а менавіта: пытаньне аб композыцыйным аб'яднаньні ўсіх апавяданьняў у выглядзе паасобных зборнікаў. Гэта пытаньне, як будзе відаць далей, заслугоўвае ўвагі і адкрывае цікавыя вывады, каштоўныя для нашага аўтара.

У большасьці выпадкаў пісьменьнік свае апавяданьні будуе па форме невялічкіх эскізаў, у выглядзе зарысовак асобных кароткіх момантаў з жыцьця акаляючай асярэдзіны, галоўным чынам, беларускай вёскі. У гэтых адносінах гэтыя апавяданьні маюць тую, якраз, формальна-тэматычную аснову, што зьяўляецца характарнай для новелі, як пэўнага мастацкага жанру. Гэтыя зарысоўкі, узятыя паасобна, у композыцыйных адносінах становяць сабой мастацкія малюначкі, якія на пярэднім пляне рысуюць тыя ці іншыя дзеі герояў у пэўны, узяты аўтарам момант часу. Фонам гэтых дзеяў, як ужо зазначалася, зьяўляюцца ці бытавыя абставіны, ці-ж малюнак прыроды. Але і тое і тое, якраз, у апавяданьнях эскізнага характару накідаецца самымі кароткімі, часамі зусім выпадковымі штрыхамі; галоўнае ў такіх малюнках—герой і яго дзеяньне. Абставіны, якія так каротка адзначаюцца пісьменьнікам, звычайна зьяўляюцца толькі ўсяго ў ролі паказальніка на месца ды час дзеі, і, такім чынам, становіцца фактарам, яго конкрэтызуючым. Больш цеснай унутранай сувязі між гэтымі дзьвюма часьцінамі твору няма. Пачаткам, які рухае самое апавяданьне, зьяўляецца дынамічнасьць ды паступовасьць асобных эпізодаў дзеяньня ў межах таго моманту, які малюецца аўтарам. Дзеяньне адбываецца, дзякуючы лёгічнай счэпленасьці паасобных ма-