Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насьці ад тых самых густаў романтычнага характару. Цікава адзначыць пры гэтым, што Гогаль карыстаўся гэтай манерай ня толькі з мэтаў гуморыстычных. Ён ужывае яе і пры апісаньні сваіх герояў у сур'ёзных станах, адзначаючы гэтым самым сваю асабістую зацікаўленнасьць у іхным лёсе ці ў іхным душэўным стане. Так, перадаючы жыцьцёпіс Тэнтэтнікава, ён, як і Я. Колас у апавяданьні „Злучыліся" пры апісаньні Юркі, карыстаецца тым самым сродкам мастацкага выяўленьня („Что значили эти рыдания? Обнаруживала ли ими болеющая душа скорбную тайну своей болезни,-что не успел образоваться и окрепнуть начинавший в нем строиться высокий внутренний человек" і г. д.).

З паданых заўваг, датычных гістарычных сувязяй Я. Коласа у сфэры яго мастацкай мовы, зусім пэўна выцякае, што і ў данай галіне ён, як і ў межах сваёй тэматыкі, знаходзіць для сябе адпаведнасьць у тых-жа самых літаратурных плынях ды густах. Як і там, на першым месцы больш шырокая роўналежнасьць з традыцыямі, „натуральнай школы", прыватна-ж, гогалеўскай і больш вузкая аналёгія з кірункам романтычным. Але як і раней, працяг ды адпаведнасьць традыцыі датычыць, галоўным чынам, усяго толькі агульных уласьцівасьцяй ужываных ім стылістычных спосабаў. Іх конкрэтны зьмест цалкам продыктаваны ўмовамі акаляючай яго беларускай грамадзкасьці. Гэта блізкасьць да родных яму абставін пацьвярджаецца таксама і яго няўхільным імкненьнем да некаторых спосабаў народнай творчасьці. Ужываньне ім прыказак ды прымовак для мэт стылізацыі мовы сьведчаць аб яго сувязях з гэтай мастацкай крыніцай ды аб яго крэўным сваяцтве з беларускай народнай асярэдзінай.