Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У галіне ўжываньня гіпэрболь таксама можна адзначыць пэўную адпаведнасьць. Гогаль ужывае іх у шырокіх разьмерах. Карыстаючыся сродкамі ўзмацненьня абшару, часу, чысла, аб'ёму, меркі і г. д., Я. Колас опэруе, галоўным чынам, гіперболямі мерак („надымілі люлькамі, што і галоў іх ня было відаць"), зьвяртаючыся, аднак, да іх, як да сродкаў мастацкага выяўленьня, параўнальна, рэдка. Поўная роўналежнасьць між пісьменьнікамі ёсьць у галіне ўжываньня тых ці іншых лаянак. У Гогаля яны шырокай хваляй уліваюцца ў яго творчасьць, адбіваючы індывідуальны разумовы вобраз кожнага героя, які карыстаецца гэтымі выразнымі сродкамі, з прычыны гэтага лаянка ў яго вызначаецца большай рознастайнасьцю. Я. Колас у гэтых адносінах таксама дае надзвычай багаты лексыкон лаянак, але гэты лексыкон сьведчыць аб аднароднасьці соцыяльнага складу асоб, якія ўжываюць гэтыя лаянкі; як відаць з нязначнай колькасьці прыкладаў, паданых вышэй, у шмат якіх выпадках мы маем шэраг паўтарэньняў гэтых лаянак. У гэтых адносінах між пісьменьнікамі вялікая розьніца, абумоўленая соцыяльнымі ўласьцівасьцямі тых герояў, якіх малююць гэтыя аўтары. Але ў галіне мастацкіх мэт, дзеля якік абодва яны карыстаюцца лаянкамі, між імі амаль поўнае супаданьне. Я. Колас бярэ іх у большасьці выпадкаў для выяўленьня стану гневу; для тых-жа самых мэт пераважна карыстаецца імі і Гогаль. („Типун бы тебе под язык, старая ведьма! Тебе какое дело?"; „Чорт бы тебя схватил в бане за пуп!") ды інш.

Ва ўжываньні спэцыфічных слоўцаў для розных мастацкіх мэт абодва пісьменьнікі ідуць поруч. У таго і другога ў гэтай галіне пэўна адчуваецца вялікае штукарства. Але з пункту погляду крыніцы гэтых выразаў між імі ёсьць вялікая розьніца. У Гогаля у пераважнай большасьці гэтыя словы зьяўляюцца яго асабістай выдумкай (пикенция, „Пульпультик", „Монмуня", „немчура, катай-валяй, финтирлюшки, подмасьливать, спускают на кур'ерских" ды інш.), якія ў значнай сваёй часьці потым увайшлі ў расійскую мову і зрабіліся ўласьцівасьцю звычайнай мовы. Тымчасам Я. Колас ужывае, галоўным чынам, тыя якраз спэцыфічныя слоўцы, якія ўжо ёсьць у народнай беларускай мове; ён бярэ іх адтуль ды прыстасоўвае для мэт мастацкага выяўленьня. Бясспрэчна, сярод іх ёсьць пэўны процант выразаў, выдуманых самым пісьменьнікам, але аддзяліць яго індывідуальную выдумку ад народных лаянак вельмі цяжка, бо мы пакуль што ня маем навуковага слоўніка жывой беларускай мовы.

Роўным чынам, карыстаньне прыслоўямі ды прымоўкамі ў таго і другога пісьменьніка мае шмат аднолькавых рысаў. Гогаль часткова карыстаўся гэтымі выразамі ў тым выглядзе, у якім яны ўжо выпрацаваны народнай мовай і зьяўляліся яе агульным набыткам („ругнуть во все бока"; „хоть святых вон выноси", „пошла писать губерния" ды інш.); часткова-ж ён на ўзор народных ствараў свае ўласныя („загнуть слово", „ввернуть слово", „пошли писать чушь и дичь" ды інш.). Тое самае мы бачым і ў Я. Коласа.