Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўнутранае аблічча, таму яго мова заўсёды глыбока індывідуальная. Калі нават яго героі па сваіх моральных якасьцях належаць да аднай групы і такім чынам у гэтых адносінах становяць сабой аднародную масу, дык у галіне мовы кожны з іх зьяўляецца ў поўнай меры пэўным і выразна акрэсьленым індывідуумам. Апрача таго, рознастайнасьць спосабаў індывідуалізацый мовы ў Гогаля знаходзіцца ў залежнасьці ад таго, што пэрсонажы яго твораў належаць да самых рознастайных соцыяльных груп.

У руках Я. Коласа гэты спосаб мае больш вузкае прыстасаваньне. Гэта тлумачыцца тым, што пераважная большасьць яго дзеючых асоб належаць да аднаго пэўнага соцыяльнага кола—беларускага сялянства, якое ў сваім агульным разумовым абліччы і ў сваёй мове аказваецца досыць аднастайным мастацкім матэрыялам. Яго героі гавораць на адной сялянскай мове, якая ў вуснах кожнага з іх гучыць амаль аднолькава. Індывідуалізацыю мовы ў шэрагах гэтых герояў правесьці надзвычай цяжка. Толькі для пэўнай часткі сваіх пэрсонажаў, а менавіта для тых, хто другога соцыяльнага паходжаньня і стану, чым большасьць іх, ён ужывае гэты спосаб, каб і ў гэтай галіне — у мове—адрозьніць іх, выдзеліць іх з агульнай масы.

Стылізаваныя параўнаньні, якімі шырока карыстаецца Я. Колас, асабліва пры характарыстыках сваіх герояў, маюць для сябе паралель у мове таго-ж самага Гогаля, для якога гэта зьява была адным з улюбёных спосабаў. Праўда, у адносінах да зьместу тых вобразаў, што ўваходзяць у склад параўнаньня, абодва пісьменьнікі адрозьніваюцца адзін ад аднаго досыць рэзка. І той і другі часта бярэ матэрыял для параўнаньняў з галіны акружаючых зьяў, сучасных кожнаму з іх. Так, у Гогаля мы маем параўнаньні, вобразам для якіх зьяўляюцца розныя чыноўнікі яго часу: „Козел дребезжал резким голосом, как городничий"; „пустился бежать, как мужик, которого только что выпорол заседатель". Тымчасам у Я. Коласа гэтыя вобразы узяты з яго сучаснасьці: „вураднік пазіраў на прыстава так, як-бы ён японскага мікаду забраў у плен". Паралелізм іх у галіне данага спосабу ёсьць, якраз, у тым, што і той і другі зьвязваюць яго зьмест з пэўнымі сучаснымі кожнаму з іх абставінамі. Гогаль бярэ вобразы параўнаньняў з жыцьця дробнай шляхты, а Я. Колас—з жыцьця сялянскага. Значыць, пры неаднолькавым зьмесьце ў формальных адносінах, яны аднолькавыя.

Таксама і параўнаньні, выражаныя панібрацкай таварыскай мовай, зусім роўналежныя такім самым параўнаньням у Гогаля. Такой мовай расійскі пісьменьнік карыстаецца вельмі часта. Як Гогаль уводзіць у свае апавяданьні шэрагі асоб, зусім невядомых па ходу твору—якога-небудзь Сьцяпана Іванавага Курачку з Гадзяча, які апавядаў "гісторыю", ці якую-небудзь Агафію Федасееўну, тую самую, што адкусіла вуха ў засядаталя, так і Я. Колас гаворыць пра розных—Марціне Паліваны, Сымоне Очэпе, Давідзе Рэзгіне—ды іншых асобах, адзін усяго раз названых і незнаёмых чытачу.