Звычайным месцам, якое дае асабліва шырокую прастору для выяўленьня гэтай хэнці да выпіўкі, зьяўляецца кірмаш і базар. У гэтым стасунку характарныя апавяданьні „Кірмаш“ і „Знайшлі“.
У першым з іх зноў выступае гуляшчы народ, які, аднак, як і ў папярэдніх выпадках, зьяўляецца толькі агульным фонам, з глыбіні якога выступаюць паасобныя больш выразна акрэсьленыя асобы. На кірмашы самы вялікі натоўп стаяў.
„Каля дому з вывескаю: Казённая вінная лаўка № 67. Тут былі бабы і мужчыны. Хто выпіваў з кварты, з поўкварты, а хто, адвярнуўшыся ад людзей, каб не сароміць іх, з маленькага кручка. З дваццаць мужыцкіх галоў было задрана ўгару так, што нос прыходзіўся якраз проці самай сярэдзіны неба. Хто піў з вялікай бутэлькі, той трымаўся сьмела: станавіўся на самае віднае месца, падпіраў адной рукою бок і важна цягнуў гарэлку. А калі хто ішоў з „буслам", прад тым мужыкі расступаліся і давалі дарогу, як якому спраўніку" (50—51).
З гэтага гуляшчага колектыву вылучаюцца і асобныя постаці, якія, аднак, цесна зьвязаны з ім і нават ня маюць сваіх уласных іменьняў. Усе яны даюць адзін і той—жа малюнак псыхолёгіі п'янага чалавека і ў гэтым нецьвярозым стане хаваюцца ўсе ніткі мастака. Вось на першым пляне „дзьве бабы".
„Адна апёрлася на воз з аднаго боку, другая—з другога. Абедзьве выпіўшы, адна гаворыць груба, другая—тонка. Мова першай бабы падобна да кароткіх слоў—ды—ды—ды! Другая сыпала танчэй і яшчэ скарэй: дэ—дэ—дэ!" (51).
Ці — крыху далей на возе сядзяць тры мужыкі…
„Два з іх абнімаюцца і цалуюцца. — Братка ты мой, —гаворыць адзін: твой Алесь—золата, а не чалавек.—Галубок ты мой, —кажа другі,—дальбог я цябе люблю. Каб я жонкі ня ўбачыў, калі ня люблю. Дай сюды сваю морду... Во так! Пойдзем яшча вып'ем поўкварты..." (51).
У паданых ілюстрацыях усьмешку ў чытача выклікаюць самыя паводзіны п'янага героя, яго сытуацыя ў дзеяньні. Але, апрача гэтага, комізм аўтара хаваецца яшчэ і ў спосабе выяўленьня яго. У ім выразна выдзяляюцца два моманты. Першы—гэта сур'ёзнасьць аўтара, з якой ён падыходзіць да абмалёўкі такой дробнай, нікчэмнай зьявы жыцьця, як выпіваньне гарэлкі. Гэта рыса ярка выяўляецца ў абодвух малюнках, што рысуюць п'янства каля манаполек; у першым аўтар са спакоем сталага апавядальніка заўважае: „А як рабіць тут ня было чаго, то сягды-тагды можна было чуць, як стукала..." і г. д.; у другім—тым самым тонам ëн кажа: „Яшчэ большая грамада народу стаяла каля дому з вывескай: „Казённая"... ды інш. Гумар у даным выпадку і ёсьць у процістаўленьні сур'ёзнасьці мастака і нікчэмнасьці таго об'екту, якога малююць. Другі момант таго самага спосабу выяўляецца ў тым, што гэта аўтарская паважнасьць мае пэўную патэтычнасьць у яе інтонацыі; апі-