Перайсці да зместу

Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтыя думкі не пакідаюць яго і тады, калі ён заарыштаваў так званага „соцыяліста". Але падставы для гэтых перажываньняў яго ўжо іншыя; ён думае аб турботах і паважнасьці сваёй пасады:

„Усе сьпяць, а ты валачыся цэлую ноч, бойся кожны момант за сваё жыцьцё. Ласьне тут ёсьць што—небудзь труднае—дастаць сабе у лоб кулю. А якая падзяка, каб хто спытаў. Ну, прыстаў можа падаць руку і заклікаць на шклянку гарбаты".

А ў глыбіні душы яму ўсё яшчэ марыцца „цэшка і прыстаўскія наплечнікі" (35). Дасягнуўшыя такой напружнасьці эмоцыянальныя перажываньні вурадніка раптам падаюць з вышыні значнай тэмпэратуры да нуля. Заарыштаваны „соцыяліст" аказаўся членам саюзу рускага народу, і за свае ўчынкі вураднік павінен быў вытрымаць грозны погляд прыстава.

Той самы колектыўны герой выступае і ў тых апавяданьнях, што даюць шэраг рознастайных малюнкаў, якія рысуюць прыхільнасьць сялян да п‘янства; на гэтым грунце ўзьнікае шэраг удзячных для гумарыстычнае абмалёўкі прыгод, якія і зьяўляюцца конкрэтным выяўленьнем псыхолёгіі п‘янага чалавека. Гэта, якраз, псыхолёгія ва ўсіх тых, што апісвае мастак, выпадках і мотывуе вялікую рознастайнасьць тых комічных прыгод, у якія трапляюць героі. Дзякуючы такой унутранай выпраўдальнасьці тых дзеяньняў, што малююцца, мастацкія зарысоўкі іх набываюць глыбока натуральны і рэальны характар.

Кожнае хаця крыху выдатнае здарэньне ў жыцьці дае повад сялянам справаджаць яго выпіўкай. У апавяданьні „Выбар старшыні" коратка, але выразна зазначана, што „многа выпілі гарэлкі, а яшчэ больш піва"; абралі таго, хто ставіў гарэлку: таму і протэст, які быў супраць гэтага абраньня, праўда, з боку таксама падвыпіўшага Філіпа, ня меў ніякага значэньня:

„Земскаму і старшыні хоць вазьмі засадзі туды вочы, дзе яны ніколі не сядзелі, а каб і сядзелі, то сьвету—б ня бачылі. А сход пазірае, як баран..." (202, 203).

П'юць весела і пры выбарах у Дзяржаўную Думу („Андрэй Выбаршчык"). Чакаючы свайго упоўнаважанага, сяляне сабраліся каля манаполькі.

„А як рабіць тут ня было чаго, то сягды—тагды можна было чуць, як стукала саракоўка аб тоўстую мазолістую руку і як галгатала гарэлка, пераліваючыся проста з бутэлькі ў мужыцкае горла. Тут былі і такія, каторыя ўжо ўсьпелі налізацца і сьпявалі песьні. А Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі, на каторых не хватала аднаго абцаса" (60).

Як ужо адзначалася, выбары ня спраўдзілі жаданьняў падгуляўшых абіральнікаў.