Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як відаць з паданых прыкладаў, аўтар у сваіх выяўленьнях знадворнага боку тых абставін, што ён малюе, абмяжоўваецца толькі малой колькасьцю пэўных зьяў стылю, галоўным чынам, эпітэтамі ды параўнаньнямі; імі ён пераважна і опэруе, як выяўленчымі стылістычнымі сродкамі. Крыху іншым пісьменьнік робіцца, калі пераходзіць да абрысоўкі ўнутраных станаў тэй-жа самай асярэдзіны, якую ён малюе. Тут, як ужо зазначалася, ён перш за ўсё значна больш падрабязны і значна больш спыняецца на выяўленьні гэтага, якраз, моманту; дзякуючы гэтаму, значна павялічваецца і колькасьць стылістычных зьяў, якія ўжывае ён для данага выпадку, хаця па сваіх формальна-поэтычных прыметах яны тыя-ж самыя, што і ў папярэднім выпадку; і тут аўтар ужывае тыя-ж самыя эпітэты ды параўнаньні, як галоўныя стылістычныя спосабы выяўленьня.

Пры апісаньнях псыхолёгічных станаў сваіх герояў, а таксама і акаляючых іх рэчаў аўтар часта ўжывае адзін спосаб, які праходзіць амаль праз усе разгляданыя намі апавяданьні; гэты спосаб, які выражаецца, галоўным чынам, пры дапамозе эпітэтаў, часткова і параўнаньняў, ёсьць у тым, што аўтар уводзіць у свае выяўленчыя сродкі якуюсь адцягненую мэтафізычную аснову: стылістычна яна выражаецца найчасьцей неазначальным займеньнікам — нейкі, некі, нешта і г. д. Яна звычайна становіць сабой азначэньне ці эпітет, для разуменьня якое ў сваім зьмесьце таксама мае пэўныя моманты таямнічасьці, невядомасьці ды матафізычнасьці; сюды, напр., належаць такія разуменьні, як: сіла, трывога, страх, жуда, таямніца ды інш. Час-часом здараюцца выпадкі абазначаньня гэтай таямнічасьці і пры дапамозе адпаведных прыметнікаў, напр.: нявідзімы, страшны, нячысты, невядомы і г. д., якія звычайна таксама ставяцца ў ролі тых эпітэтаў, што характарызуюць тое ці іншае разуменьне. Часамі аўтар ужывае ў такіх выпадках неазначальны займеньнік—нешта, штось, злучаючы яго з адпаведным прыметнікам, сугучным яму па сваёй таямнічасьці: нешта цяжка, штось страшное ды інш. У большасьці выпадкаў гэта таямнічная сіла, якая дзее на героя ці ёсьць у акаляючых яго абставінах, пахмурнага, сярдзітага характару (страшное, грознае ды інш). Адзін раз ён нават конкрэтызуе гэта разуменьне, кажучы, што пэўна, пад нейкай сілай трэ' разумець сілу нячыстую (P. 3., 103). Часамі, аднак, яна мае