Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і для тлумачэньня рэчаў ці зьяў у іх адзіным цэльным выглядзе (лес, закрыўшыся белым інеем, усё роўна як узлажыў к сьвяту чыстую кашулю) ці ў асобных часьцінах (вырысоўваліся ў небе іх вяршыны, як крыжыкі, як вежы царквей). Часьцей за ўсё ён карыстаецца імі для больш яркай конкрэтызацыі тых ці іншых прымет пэўнага разуменьня, якое маецца ў межах тэмы параўнаньня. Ён конкрэтызуе ці якасьці, якія выражаюцца прыметнікамі (з шырокімі, як заслонка; халодная, як жалеза, ды інш.), ці дзеяньні дзеяслоўных формаў (цягнуўся, як падкова; усхліпвала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх, ды інш.).

Як і ў папярэднім выпадку, малюнкі вобразаў параўнаньняў аўтар бярэ з тэй-жа самай бытавой крыніцы, асабліва блізкай да простага абыдзеннага жыцьця беларускага селяніна. Гэта — такія вобразы як: воўчае вока, заслонка, сьвяточная чыстая кашуля, крыжы цэркваў, падкова і г. д. У гэтым стасунку пісьменьнік круціцца ў тым-жа самым коле слоўных вобразаў, якім ён карыстаецца і ў папярэднім выпадку. Прыклады параўнаньняў: „Здалёк ваконца (у хаце) здавалася воўчым вокам" (З); „блішчасты месяц, ях кружок залаты, стаяў“ (11); „хто (быў) у кажусе з шырокімі, як заслонка, каўнярамі" (18); „лес перастаў хістацца, маўчаў, закрыўшыся белым іхнеем, усё роўна як узлажыў к сьвяту чыстую кашулю" (42), „стройныя елкі падымалі свае галовы высока над другімі дзярэўямі і хораша вырысоўваліся ў небе іх вяршыны, як крыжы, як вежы царквей" (42); „Тарасава пасада стаяла каля самага лесу, каторы цягнуўся, як падкова, роўным поўкругам" (42); „сковарады весела бранчалі на прыпеку, і мяккія, гарачыя аладкі, як грушы, кідаліся спрытнаю рукою Касі" (43); „борзда, як грыб, вырастала гара“ (55); „новыя дзярэўі былі нізкія, крывыя, няўдалыя, як сухотныя" (57); „раса блішчала ранкам, як сьлёзы" (57); „зямля зморшчылася, як старуха, пакалолася і плакала" (67); „белыя хмаркі, як пух, плывуць" (4) і г. д.[1].

  1. „Адзінокі месяц плыў над ёю, як сярэбраны круг" (33); „сярэбраны месячык то круглы, то вузкі, як серп, як хораша сьвеціць" (4); „дарога мая чуць віднаю шэраю ніткаю ідзе“ (5); „распаўзьліся па полю, як чэрві ў нягоду, бедныя мужыцкія хаты" (6); „божыя зоркі, як саромлівыя дзяўчаткі, пазіралі на зямлю“ (8); „хвалі Нёмна, што пакручастым зьмеем абвівае"... (18); „гэты дуб крыху пахіліўся на бок, як падгуляўшы гаспадар" (25); „вада то ўздымала яе, то адпускала, то раскідала ва ўсе бакі і гуляла ёю, як вецер дымам" (25); „сіняе неба ласкава зьвесіцца над зямлёю, як маці над калыскаю, дзе ляжыць яе любае дзіцятка" (33); „плыт плыве па ёй (вадзе) лёгка, як трэска, толькі ў нартох зьвіваецца ён, як вужака" (44); „дваровае поле, як падкова, акружылі іх благія палеткі" (49); „шырокая разложная верхавіна і адсечаныя сукі пазіралі так нявесела, так сумна, бы тыя пакінутыя бацькам дзеці" (55); „Як дарагі нябожчык, стаяў ён (дубок) у вачох беднага лясьніка" (58); „халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпывала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх“ (78—79); „Максім нахмурыўся, як-бы цень лёг на яго лоб" (82); „вісела хмурае неба, як кепска загаранае поле” (85), „А можа яны (галінкі) шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцем“ (87); „Мікола калаціўся, як асінавы ліст“ (94); „луг быў голы, як бубен“ (99); „зоры, як божыя матылёчкі, трапыхаліся" (10); „як крумкачы на падлу, накінуліся на гаспадарку старога нябожчыка (110); „палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватай смагі, як маладзіца хусткою, каб ня так пякло сонца" (126); стаў узьнімацца сіні дымок, як пара з катла" (135); зьвіўся, як вуж" (147); „сьветлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень" (158): „блох у нас, як пяску“ (170); „ні-адна матка не магла так прыгожа ўбраць сваё дзіця, як убрала сонейка гэту травінку“ (204-205); "яны (мурашачкі) клапаціліся, бегалі, як перакупшчыкі-жылкі на кірмашы" (205); „вось прыляцеў беленькі матылёк, як чыстая сьняжынка, блішчучы на сонцы сваімі крыльцамі; а вось снуюць малюсенечкія матылёчкі, чырвоненькія, сіненькія, жоўценькія, усё роўна як зьбіраюцца яны на баль —так прыгожа ўсе убраны!" (215—216). "Хмары, як мухі над гаршком куцьці, віліся чорным роем над зямлёй (238) і г. д.