Перайсці да зместу

Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з другімі ў горадзе да старшыні саюзу рускага народу і пачынае лаяць гэты саюз з астатніх слоў“. Ім пагражаюць гарадавымі, і яны ўцякаюць, прычым „Грыгор з N павету, бягучы з другога пянтра, зачапіўся ботам, пасьлізнуўся і пералічыў задам усе усходы“ (62).

Паданыя малюнкі мастацкіх выяўленьняў сьведчаць, што комізм аўтара будуецца тут на зарысоўцы паасобных момантаў жыцьця народнай масы — іменна, тых, што адбіваюць яе соцыяльныя адчуваньні. Прыгэтым толькі ў першым творы „Соцкі падвёў“ гэты гумар аўтара мае пэўную мотывоўку і то толькі з таго моманту, як зьяўляецца п‘яны Янка Дудар; якраз яго нецьвярозы стан выпраўдвае тыя нясталыя адносіны да пытаньняў політычнага і соцыяльнага характару, што выяўляюць сяляне. У другіх выпадках гэты комізм застаецца не мотываваным. Чытач мае рацыю запытаць, чаму герой апавяданьня „Соцыяліст“ хоча купіць проклямацыю ў стражніка, чаму абіральнік Андрай апынуўся ў старшыні саюзу рускага народу. Адказу на гэтыя пытаньні ў апавяданьнях пісьменьніка няма. З прычыны гэтага увесь гумар аўтара мае чыста знадворны характар і грунтуецца на алёгічным параўнаньні глыбока контрастных зьяў (купляньне проклямацый, лаянка саюзу рускага народу ў вочы яго старшыні). Зусім ясна, што ў такіх выпадках для аўтара гэты гумар мае значэньне ўсяго толькі, як гумар: ён у сабе самым мае сваю мэту; ён толькі спосаб выяўленьня, які ня мае за сабой глыбокага ўнутранага зьместу.

Але комізм гатых апавяданьняў, асабліва першага з іх — „Соцкі падвёў“, ёсьць, галоўным чынам, у выяўленьні паасобных індывідуальных прадстаўнікоў вясковай улады — вурадніка, соцкага, стражніка і другіх. Найбольш колёрытная ў гумарыстычным сэнсе постаць вурадніка. Яна займае тут адно з галоўных месц; таму аўтар асабліва падрабязна спыняецца на ёй, даючы яе портрэтны і псыхолёгічны малюнак. Як заўсёды, знадворны накід гэтага героя надта кароткі:

„Важна ходзіць па мястачку вураднік, пакручваючы рыжыя вусы. Пры боку ў яго цялёпаецца трапло — шабля, чырванеюць шнуры плечнікі і блішчаць на сонцы паваксаваныя боты“ (29).

Больш шырокія яго жаданьні і мары, якімі і выпраўдваюцца наступныя дзеі яго. Ён марыць аб тым, каб зьвесьці як са сьвету крамолу, бо—ж яму толькі вось даказалі, што ў мястэчку ўжо зьявіўся „падазроны“ чалавек. У сувязі з гэтым у яго зьяўляецца адно пачуцьцë, пачуцьцë імпэтнага павышаньня па сходках адміністрацыйнай лесьвіцы, эмоцыя жыцьцёвага дабрабыту; яна робіць відавочным і натуральным тое комічнае становішча, у якім герой апынуўся.

„Яму здаецца, што ён раскрыў „праступнае саобчаства“, захапіў бомбы, пісьмы і рэвольвэры, і ўсё гэта даставіў да начальства. Яму даюць павышэньне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, а там пайшоў наш вураднік угору, як цыган на драбінах на неба“ (29).