Дагэтуль мы разглядалі тыя зьявы стылю, што ствараюць гуморыстычную стыхію ў апавяданьнях Я. Коласа. Цяпер мы павінны разгледзець мову яго ўжо незалежна ад гуморыстычнай стылізацыі, выўчыць яго мастацкую мову, якую ён ужывае наогул, як звычайную і літаратурную мову. Гэты сур'ёзны (не гуморыстычны) стыль аднолькава ўласьцівы як апавяданьням комічным, так і сур'ёзным. Мы разгледзім яго зноў у сувязі з асноўнымі часьцінамі яго тэматыкі — з дзеючымі асобамі яго апавяданьняў і з тымі абставінамі, што іх акружаюць.
Усе стылістычныя зьявы ў мове пісьменьніка, з пункту погляду іхнай прыроды ды ўласьцівасьцяй, распадаюцца на дзьве вялікія групы: адны з іх даюць рзальнае, навочнае, плястычнае выяўленьне, а другія — псыхолёгічнае, эмоцыянальнае. У межах гэтых двух шэрагаў маецца некалькі больш прыватных пачленаваньняў, у залежнасьці ад таго, якую мастацкую ролю выконваюць пэўныя моўныя прыналежнасьці. Стыль першага шэрагу ўжывае аўтар звычайна ў тых выпадках, калі ён малюе знадворны выгляд герояў ці рэчаў, калі дае іхныя знадворныя портрэты. Мовай-жа другой катэгорыі ён пераважна карыстаецца пры выяўленьні ўнутраных бакоў вакольных рэчаў, зьяў ды жывых істот, іх псыхолёгічнага руху. Пры гэтым больш падрабязны пісьменьнік у другім выпадку і менш — у першым. Адпаведна з гэтым і колькасьць паасобных стылістычных прыналежнасьцяй большая пры абрысоўцы ўнутраных перажываньняў і меншая ў выяўленьнях знадворных станаў.
У сваіх апісаньнях знадворнага аблічча дзеючых асоб ці іх дзеяньняў аўтар ужывае звычайна зрокавыя эпітэты. Ён паказвае пераважна звычайныя, якія перш за ўсё кідаюцца ў вочы, прыметы таго героя, якога ён апісвае, адзначаючы сваімі эпітэтамі ці форму пэўнай часьці цела чалавека (круглыя вочкі), ці яго ўсяго (худы, высокі Андрэй), ці колер тэй або іншай прыналежнасьці чалавечага організму (рыжыя вусы). Для абазначэньня, якраз, гэтых звычайных прымет дзеючай асобы пісьменьнік карыстаецца такімі-ж самымі звычайнымі зрокавымі эпітэтамі,