Старонка:Вазнясенскі Колас.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

напаўняюць сабою ўсё апавяданьне і надаюць яму большую дынамічнасьць. На кожным кроку чуваць такія словы: „Пхайце ў зад! Ррразам! Пойдзем, паложам! Бярэмся! Хлопцы, адвернем наўперад каляску! Ну, жыва! Ну, рразам! Пхайце, хлопцы... Но! но! но!“ ды інш (38-41). У той-жа час яны палягчаюць аўтару пераход ад аднэй дзеі да другой.

У другіх выпадках пытаньні, якімі карыстаецца аўтар, выконваюць задачы гуморыстычнага характару. У апавяданьні „Выстагнаўся“ аўтар, узяўшы сур'ёзны тон і напружна выражаючы спачуцьцё Івану ды яго несамавітаму становішчу, ў душы сьмяецца з яго, выклікаючы такі самы настрой і ў чытача. Ён ставіць шэраг пытаньняў, з якімі зьвяртаецца, да чытача ці проста нямеведама да каго: „Дзе тая праўда на сьвеце? Чаму Антось, як пачне плакаць, то кінецца на сьпіну аб зямлю і барабаніць нагамі так, што яму можа пазайздросьціць найпершы барабаншчык. Вазьмі-ж ты, выйдзі, Іван, на вуліцу, завядзецца з кім біцца — што-ж гэта за чалавек, калі-ні разу не пабіўся. Наб'юць, накрыўдзяць Івана. Што-ж бы вы, добрыя людзі, рабілі, каб вы самі былі Іванамі? Вы-6 заплакалі, і ўсякі-б заплакаў. А чаму ня плакаць Івану? Але няхай папрабуе заплакаць: засьмяюць, заклююць ды ўпрыдачу горш наштурхаюць" (156). Самі па сабе, як відаць, пытаньні маюць сур'ёзны характар, але ў акружэньні думак, якія расказваюць аб немагчымасьці герою „выплакацца", яны набываюць гуморыстычны харахтар, надаючы і ўсёй вынятцы з апавяданьня такі-ж самы характар.

Такі самы характар пытальныя сказы аўтара маюць і ў апавяданьні „Так і трэба ашуканцу“. Пасьля тых незадач, якіх нацярпеўся герой, гуляючы па вуліцах гораду, хаця ён увесь час марыў аб надзвычайным посьпеху (няўдалыя заляцаньні за паненкамі, няпрыемныя спатканьні са сьвіньнёй, кпіны вясковых дзяўчат з яго носу), аўтар ставіць шэраг пытаньняў: да чаго прыраўняць гэты дзень? Ён падобны да цэлага веку чалавечага. Хто з нас, браты мае, стоячы на парозе сваёй вясны, не парываўся ўвесь, аддаўшыся ў абладу сьветлым марам, у невядомую даль? Ці ня гэтак і Сьпірыдон зачынаў сягонешні дзень. Ці ня імчаўся і ён, як той вол, туды, куды цягнуў яго сьверб носу?" і г. д. (195). Ставячы такія пытаньні, мастак хацеў павялічыць контраст між надзеямі героя, уласьцівымі, як сьведчыць лірычнае адхіленьне, усім наогул людзям у іх маладосьці, і сапраўдным становішчам яго — тымі незадачамі, якія нечакана для яго зваліліся на яго галаву. Герой такім чынам апынуўся ў сьмешным становішчы, а гэта і зьяўлялася галоўнай мастацкай мэтай аўтара ў даным апавяданьні.